Людзі могуць мяняцца нават унутры сістэмы. Інтэрв'ю з Акіхіра Гаеўскім-Ханада

Акіхіра Гаеўскі-Ханада / Прыватны архіў
Акіхіра Гаеўскі-Ханада сустрэў сваё 25-годдзе за пару дзён да вызвалення з магілёўскай турмы №4. Яго затрымалі ў жніўні 2020 года, а ў 2022-м асудзілі па справе анархісцкай арганізацыі "Рэвалюцыйнае дзеянне" на амаль 16 гадоў, абвінаваціўшы па 13 артыкулах КК РБ.
Апошні год Акіхіра правёў у магілёўскай турме №4, да гэтага больш за год у шклоўскай калоніі №17 і яшчэ два з паловай гады — у менскім СІЗА.
Палітвязня вызвалілі 21 чэрвеня 2025 года разам з 13 іншымі пасля перамоваў спецпасланніка ЗША Кіта Келага і Аляксандра Лукашэнкі ў Мінску.
Зараз Акіхіра знаходзіцца ў Вільні.
"Пагаварыць з роднымі без адчування пастаяннага сачэння"
Прайшло ўжо два тыдні пасля вызвалення. Што цябе больш за ўсё здзівіла, якія змены ты заўважыў вакол?
Я быў апошні раз у Вільні пяць гадоў таму. Гэта адзін з маіх любімых гарадоў і ён значна папрыгажэў. Але з іншага боку, тут вельмі шмат бачыш атрыбутаў, звязаных з палітычнымі зменамі. Гэта значыць вялікая колькасць сцягоў Украіны, беларускай сімволікі. Бачыш, час змяніўся. Нават праходзячы міма сінагогі, бачыш партрэты Ізраільскіх закладнікаў. Было шмат драматычных змен за апошні год, і яны прама адбіваюцца на абліччы горада, і гэта кідаецца ў вочы.
А менавіта ў беларускім асяроддзі?
У дазаваным варыянце інфармацыя ў мяне была. Відаць, што многія людзі дзесьці расчараваліся, а дзесьці стаміліся, у тым ліку праз нейкія правалы ў плане ўцечкі інфармацыі, нейкія неправераныя кантакты або канфлікты унутры беларускай супольнасці.

Магу сказаць, што ёсць шмат станоўчых, пазітыўных момантаў. Усе вельмі ўключыліся: вельмі шмат людзей спрабуюць знайсціся, стэлефанавацца, спісацца, падтрымаць, то-бок прапануюць сваю дапамогу. Не ведаю, гэта сіла супольнасці ці проста нейкія асабістыя ўзаемаадносіны, але відаць, што людзі хочуць нешта рабіць.
Раскажы пра сваё фізічны і псіхалагічны стан пасля турмы. Ці спатрэбілася табе медыцынская дапамога?
Вядома, праверыць стан здароўя трэба, але сур'ёзных скаргаў няма. Зрок значна пагоршыўся. У мяне і так была блізарукасць, а з-за дрэннага святла і таго, што там асабліва заняткаў, акрамя як чытаць і пісаць, няма, то тым больш.
Але, напрыклад, такая частая праблема людзей, якія былі ў месцах пазбаўлення волі, гэта зубы. А мне сказалі, што ўсё нармальна, карыесу няма. Можа, таму што маладосць, не ведаю. І псіхалагічна таксама, асабліва скардзіцца няма на што.
Што хацелася найперш зрабіць пасля вызвалення, і што ты зрабіў у першыя дні, калі ўжо адчуў сябе свабодным чалавекам?
Вядома, пагаварыць з роднымі без адчування пастаяннай сачэння, што ты павінен абмяжоўваць тое, што ты кажаш, — такога адчування вельмі даўно не было. Даведацца, хто дзе знаходзіцца, пагутарыць.

Ужо потым, калі цябе затрымліваюць, ты разумееш, і які сэнс быў сцерагчыся. З іншага боку, не абавязкова там удзельнічаць, каб нешта рабіць.
Цябе затрымалі разам з Аляксандрам Францкевічам, і вас абодвух збілі…
Гэта было падчас затрымання, у ГУБАЗіКу. Францкевіча затрымалі не са мной разам, але дома ў мяне.
А што адбывалася з табой?
Схапілі, кінулі ў машыну і пакуль везлі, сказалі, што пры кожным гудку машыны, а тады ўвесь горад гудзеў, будуць наносіць удар. Пакуль быў у машыне, пакуль мяне прывезлі ў ГУБАЗіК, быў проста нейкі бязмэтны гвалт.
Я адчуваў, што будзе працяг. Яны палохалі, што электрашокерам будуць біць, як яны білі Францкевіча. Таму я ўключыў для сябе псіхалагічную абарону: цалкам не камунікаваць з імі, у галаве пракручваліся адны і тыя ж фразы, каб пратрымацца. Па выніку працягу не было. Ну так, пабілі ў будынку, пабілі ў машыне. Сінякі былі па ўсім целе.
У Фрунзенскім РУУС, куды мяне павезлі на ноч, або на Акрэсціна былі больш жорсткія выпадкі. Людзі, якіх бралі на вуліцы, асабліва АМАП, яны, вядома, выглядалі вельмі дрэнна. Збітыя, з падраным адзеннем. Мяне таксама пабілі, але ўсё-ткі менш за іх.
Калі параўноўваць: СІЗА, адна калонія, іншая калонія, дзе было цяжэй за ўсё?
Усе, хто ў далейшым быў у менскім СІЗА, казалі, што гэта было самае адэкватнае месца. Усе ўспаміналі, напэўна, "з цяплом", хоць, вядома, там не было бытавых умоў: цесныя камеры па 15-20 чалавек.

Спачатку здаецца немагчымым, каб так шмат людзей жыло ў такой прасторы, а потым абвыкаеш. Пакуль яшчэ ты не асуджаны, у цябе перадачы ёсць, і людзі яшчэ не закранутыя, скажам так, турэмным тэрмінам, усе жывуць яшчэ свабоднымі катэгорыямі, няма яшчэ формы. Там асаблівых складанасцяў не было ў параўнанні з тым, што было далей.
Трапляючы ў калонію, ты адразу разумееш, што там зусім іншыя рэаліі, што да цябе адразу настроены вельмі варожа, і будуць прыдзірацца да ўсіх дробязяў. І ты не можаш пазбегнуць нейкіх парушэнняў, халодных ізалятараў і гэтак далей.
Этап у калоніі, у Шклове, напэўна, быў самым цяжкім. Калі я трапіў у першы штрафны ізалятар у сакавіку, толькі адключылі батарэі, а там створаныя ўсе ўмовы, каб табе было вельмі холадна. Калі я трапіў у ПКТ, то зноў сутыкнуўся з гэтымі ізалятарамі. Па ўсіх апытаннях зняволеных з розных турмаў і калоній, Наваполацкае і Шклоўскае ПКТ лічацца самымі жорсткімі — там ужываюць катаванні.
Што табе дапамагала будучы ў абедзвюх калоніях пражываць? У адзіноце, напрыклад, у ШЫЗА.
Калі ў ПКТ ў цябе ёсць кнігі, ты можаш на нешта адцягнуцца, то ў ШЫЗА цяжка, асабліва, як у Шклове, ты знаходзішся адзін (у некаторых калоніях саджаюць не па адным).
У адзіноце ты ўвесь час знаходзішся ў патоку сваёй свядомасці, табе няма на што адцягнуцца.
Я, напрыклад, паўтараў вершы, якія вучыў, пакуль знаходзіўся ў СІЗА і ў калоніі. Пракручваў іх. Часам гучыць радыё, паслухаеш песню і настрой падымаецца.
Спрабуеш не зацыклівацца на холадзе, на адзіноце. Спрабуеш адцягнуцца, думаць аб папярэдніх сустрэчах, кнігах, лістах і што далей будзеш рабіць.
Фізічны холад такі, што ты не можаш пра яго не думаць. Галоўнае псіхалагічна настройваць сябе, што гэта ўсё роўна пройдзе, і захаваць баланс ўнутры сябе.
Як ты аналізуеш апошнія пяць гадоў, ці заўважыў ты змены ў сабе?
Кардынальна, напэўна, няма. Тыя, хто сустрэлі мяне пасля пяці гадоў, сказалі, што ў прынцыпе я такі, які і быў.
Але, напэўна, я больш стаў разумець людзей і ставіцца з разуменнем да іх слабасцяў і перажыванняў.
Вядома, так не заўсёды адбываецца. Многія, наадварот, становяцца раззлаванымі або зачыняюцца ў сабе. Але магчымасць убачыць розных людзей дапамагла мне ставіцца з вялікім разуменнем да людзей.
Ці былі нешта новае, што ты даведаўся пра людзей, будучы там?
Што свет значна больш складаны. Што людзі — не дэманы і не анёлы, а проста людзі са сваімі слабасцямі і сваімі моцнымі бакамі.

Нават банальныя зносіны забароненыя, у калоніі спрабуюць спыняць зносіны з "палітычнымі". Прынамсі, у Шклове так было.
Яны спрабуюць кантраляваць, а ёсць шмат людзей, якія даносяць. Таму сам факт, што да цябе ставяцца нармальна, не дыскрымінуюць, гэта ўжо праява чалавечнасці, таму што там спрабуюць гэта выкараніць.
Там патрабуюць, каб да "палітычных" ставіліся так, як быццам бы яны "недаасуджаные", найнізшы гатунак. Мне шанцавала ў гэтым плане. Асуджаныя па агульнакрымінальных артыкулах да мяне ставіліся адэкватна, нармальна, з разуменнем. Гэта выраўноўвала ціск, які аказваўся з боку адміністрацыі.
Сяргей Ціханоўскі падчас першай прэс-канферэнцыі назваў іх таксама палітвязнямі, хоць пра іх ніхто не ведае…
Усе людзі, асуджаныя па палітычных артыкулах, маюць катэгорыю нумар 10 па прафілактычным уліку (схільны да экстрэмісцкай і дэструктыўнай дзейнасці). Нагрудны знак у іх не белага, а жоўтага колеру.
Бывае, што людзей, якія сядзяць за звычайныя злачынствы, а не за палітыку, ставяць на прафулік. Гэта адбываецца таму, што яны размаўлялі з палітычнымі вязнямі, дапамагалі ім ці перадавалі навіны.

Канвой, які нас вазіў на суд, потым нам казаў, што яны не чакалі такой прамовы. Думалі, што ўсе будуць раскайвацца, займацца самапрыніжэннем, а ўсе гаварылі па-сумленнаму. Гэта для іх было здзіўленнем. І было пацешна, што канваіры нам казалі, што хочуць трапіць да нас на прысуд (таму што змены мяняюцца).
Да гэтага яны 70 пасяджэнняў сядзелі і думалі, што ж тут адбываецца, чаму так доўга. А ўжо гледзячы на апошняе слова, на прысуд, многія выказвалі сваю падтрымку, наколькі гэта магчыма.
Ці былі за пяць гадоў моманты слабасці і шкадавання?
Не, шкадавання няма ніякага. Я гэта казаў і ў апошнім слове, і магу цяпер паўтарыць: можна было зрабіць больш, ведаючы, што ўсё роўна гэта скончыцца турмой. Некаторыя меры бяспекі, магчыма, былі залішнія, з аднаго боку. А з іншага — я не бачу сэнсу шкадаваць пра мінулае, яно засталося там.
Я зусім не лічу гэтыя пяць гадоў страчанымі. Наадварот, я лічу іх гадамі набыткаў, новых знаёмстваў, новых ведаў.
Пра прачытаныя кнігі
Ты казаў, што прачытаў сотні кніг у зняволенні. Які тэкст цябе больш за ўсё ўразіў і што б ты параіў прачытаць?
Мае любімыя кнігі, якія я перачытваў некалькі разоў, гэта кнігі Франца Кафкі, Фрыдрыха Ніцшэ, Альбера Камю, Жан-Поля Сартра, Марка Аўрэлія.
З навукова-папулярнага я некалькі разоў чытаў Даніэля Канемана "Думай павольна, вырашай хутка". Гэта кніга з вялікім сацыяльна-палітычным патэнцыялам, яна ставіць пад сумнеў канцэпцыю рацыянальнасці чалавека. Нават людзі з вучонымі ступенямі, вышэйшай адукацыяй і вялікім вопытам робяць зусім простыя памылкі. Гэта таксама кажа, што давяраць нават самым лепшым у прыняцці рашэнняў можа быць небяспечна.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.