"Мы б згарэлі жыўцом": добраахвотнік перажыў атаку дронаў і збірае на рыштунак
"Рашэнне было адно — на хаду выскокваць з машыны". / Euroradio
Беларускі добраахвотнік з пазыўным Муравей правёў 2022-ы год пад Бахмутам у штурмавой пяхоце. І кажа, што з задавальненнем вярнуўся б нават у той час. Дроны змянілі вайну. Выйсці з хованкі і застацца незаўважаным практычна немагчыма.
Гэтым летам Мураўя і групу беларусаў, якіх ён вывозіў з пазіцыі, атакавалі тры дроны.
— Са спіны выразалі болт. Шыя і плечы былі ў асколках, усе рукі — у апёках. Левая нага — двайны пералом. Разрыў правай барабаннай перапонкі, выцекла вуха. У руцэ перабітыя два нерва. Ну а ўсё астатняе — дробныя ўдары, ранкі, — распавядае Муравей карэспандэнтцы Еўрарадыё.
Нягледзячы на ўсе гэтыя раненні, ён вось-вось зноў плануе ехаць на баявы выезд. І збірае грошы на BySOL, каб дазволіць сабе аднавіць знішчаны дронамі рыштунак. Падтрымаць беларускага добраахвотніка можна тут.
"За дзве секунды салон ахапіла полымя. Мы б згарэлі жыўцом"
Зараз Муравей — кіроўца бронемашыны. Гэтым летам ён павінен быў вывезці групу беларускіх добраахвотнікаў з пазіцыі недалёка ад "нуля". Шляхі, якімі яны звычайна ездзілі, ужо не былі бяспечнымі, дроны кантралявалі большасць дарог. Таму Муравей знайшоў альтэрнатыўны маршрут.
— Калі я крайні раз паглядзеў на хуткасць, на спідометры было 60-65 кіламетраў за гадзіну. І ў гэты момант мы на хаду пачалі выскокваць з падпаленай машыны, — успамінае Муравей.
Потым хлопцаў пыталіся — навошта трэба было выскокваць на хаду? Чаму спачатку не затармазілі?
— Машына загарэлася вельмі хутка, і ў нас не было нават некалькіх секунд, каб спыніцца. За дзве секунды салон ахапіла полымя. Мы б згарэлі жыўцом. Рашэнне было адно — на хаду выскокваць з машыны.
Ну а потым... Пакаляліся па асфальце, пазбіралі адзін аднаго. Медыкі вывезлі нас і даставілі ў стабілізуючыя пункты.
"Хочаш апгрэйдзіць рыштунак — купляй сам"
Муравей яшчэ не да канца аднавіўся. На адной руцэ перабітыя некалькі нерваў, гэта значыць, два пальцы страцілі адчувальнасць. Але беларус усё роўна хутка зноў паедзе на баявыя. І ўслед за здароўем спрабуе аднавіць знішчаны дронамі рыштунак.
— У мяне былі пашкоджаныя бронекамізэлька і шлем. Сарвала актыўныя навушнікі, парвала армаваныя штаны. Яны каштуюць даволі дорага, амаль 200 еўра. Затое гэтыя штаны з армаванымі ўстаўкамі, са спецыяльнымі накаленнікамі, абаранілі мае ногі. Калені засталіся цэлыя.
Дроны змянілі вайну, кажа Муравей. Нават Бахмут ён успамінае ледзь не з настальгіяй. Кажа, цяпер кіроўцы, якія ездзяць "на нуль", гуляюць у латарэю.
Толькі ад удачы залежыць, ці падаб'е цябе дрон, ці выжывеш. Дроны, якія працуюць на оптавалакне — просты кабель, падобны да лескі — не могуць заглушыць сродкі радыёэлектроннай барацьбы.
На гэтай "лесцы" дрон прыляціць туды, куды яму трэба. Уратуе ўдача або добрая ахова. А на яе патрэбныя грошы.
— Раней калі мы хадзілі на задачы, трэба было глядзець па баках і пад ногі, каб не наступіць на міну. А цяпер ты ў асноўным слухаеш неба. Вайна стала нашмат цяжэй. Выйсці з хованкі і застацца незаўважаным вельмі цяжка.
Асноўны камплект рыштунку табе выдае армія. Бронекамізэльку, шлем, акуляры, накаленнікі, налакотнікі. А вось дадатковы рыштунак дакупляеш сам.
Пасля гэтага ранення я хачу купіць сабе балістычны пакет для бронекамізэлькі. Гэты пакет абараняе ад аскепкаў твае плечы, шыю, спіну. У войску яго не выдаюць, але можна купіць у краме. Хочаш апгрэйдзіць рыштунак — купляй сам.
Але чаму пасля такіх раненняў Муравей працягвае ваяваць?
— Я не хачу пакрыўдзіць нікога, але я аддаю перавагу рабіць, а не гаварыць. Ну толку ад таго, што я буду ў Польшчы са сцягамі крычаць "Не вайне"? У 2022 годзе, калі пачалася поўнамаштабная вайна, мы з хлопцамі ў Польшчы арганізавалі даволі вялікі валанцёрскі пункт для дапамогі бежанцам, а калі з'явілася магчымасць, я прайшоў усе праверкі і адправіўся ва Украіну.