Як ты? Чаму беларусам забаранілі задаваць нават гэтае пытанне

Сілавікі рэжыму Лукашэнкі штодня катуюць палітвязняў ізаляцыяй — то бок утрымліваюць у рэжыме інкамунікада / LookByMedia
Муж лідаркі дэмсілаў Святланы Ціханоўскай — Сяргей Ціханоўскі — эмацыйна распавёў пра ізаляцыю, у якой правёў некалькі год. Тры гады ён не атрымліваў нават паштовак ад сваёй сям’і.
Калі бацька нарэшце сустрэўся з дачкой, ім давялося знаёміцца нанова.
Больш за 860 дзён не мае сувязі з роднымі палітвязень Мікалай Статкевіч. Гэта значыць, больш за два гады ён не можа распавесці ім пра свой стан. А яны не могуць запытацца прынамсі простае — “Як ты?”
Юрысты называюць гэты тып катаванняў рэжымам інкамунікада.
Чаму рэжым трымае палітвязняў без сувязі са сваякамі, якую па законе абавязаны гарантаваць? І як гэта адбіваецца на эмацыйным стане людзей?
Мы распыталі пра гэта сваякоў палітвязняў, якія ўжо доўгі час не атрымлівалі ад іх навінаў. І папрасілі псіхолага Ганну Матуляк распавесці, як катаванні ізаляцыяй адбіваюцца на эмацыйным стане чалавека.
У частцы 1 артыкула 85 Крымінальна-выканаўчага кодэкса аб праве на перапіску сказана: “Асуджаным да пазбаўлення волі дазваляецца атрымліваць і адпраўляць лісты і тэлеграмы без абмежавання іх колькасці”.
Псіхолаг: “Важна, каб было да каго прытуліцца”
Чаму ізаляцыю называюць пыткамі? Еўрарадыё спытала пра гэта псіхалагіню Ганну Матуляк.
— Ізаляцыя — гэта цяжкая форма псіхалагічнага гвалту. І ў некаторых краінах працяглае ўтрыманне ў адзіноце афіцыйна прызнаецца формай катаванняў.

Чым больш яна доўжыцца — тым глыбей могуць парушацца базавыя механізмы псіхікі. Кантакт з рэальнасцю, здольнасць адчуваць сябе жывым, пачуцці, эмоцыі — усё гэта можа прытупляцца. Каб захаваць устойлівасць, мозг можа пачаць генераваць нешта накшталт галюцынацый, каб утрымаць ілюзію прысутнасці зносін. Людзі могуць чуць крокі, якіх няма, або нават бачыць твары людзей.
Спецыялісты праводзілі эксперымент, апускаючы чалавека пад ваду, дзе ён нічога не бачыў і не чуў. Але праз пэўны час у яго з’яўляліся галюцынацыі. Гэта — спроба псіхікі захаваць сябе. Я распавядаю пра гэта, каб было зразумела, які ўплыў можа мець адсутнасць камунікацыі на чалавека.
Ці можа чалавек, пазбаўлены магчымасці мець зносіны з блізкімі, змешчаны ў памяшканне камернага тыпу, падтрымаць сябе? Псіхолаг распавяла пра некалькі тэхнік.
— Можа дапамагчы апора на цела. Любы рух, нават простае хаджэнне па пакоі (камеры), любыя фізічныя практыкаванні дапамогуць не «адлятаць» у дысацыяцыю.
Кантакт з целам будзе паведамляць мозгу: я жыву, маё цела рухаецца. Вельмі важныя дакрананні. Гэта падасць сігнал нервовай сістэме: я не адзін. Дапаможа падмануць мозг. Нават калі мы абдымаем самі сябе, гэта падае сігнал нашай нервовай сістэме — я не адзін, я не пакінуты. Абхапіць далонямі ўласны твар — таксама карысная практыка для самападтрымкі.
Карысныя рытуалы, калі рабіць нешта па раскладзе. І ўнутраныя дыялогі, размовы з сабой таксама карысныя. Сяргей Ціханоўскі распавядаў, што ў зняволенні складаў вершы — гэта таксама вельмі важна.

— Мая асабістая перапіска з ёй скончылася яшчэ ў 2023 годзе. У нашага таты з Машай таксама няма сувязі больш за паўгады. Навіны пра яе я атрымліваю толькі па чутках — ад палітвязняў, якія ўжо выйшлі на волю.
Апошняе, што я ведаю, — Марыя знаходзіцца ў атрадзе, як і многія ў жаночай калоніі, працуе на швейнай фабрыцы. З восені 2024 года ёй палепшылі харчаванне і аказваюць медыцынскую дапамогу.
Калі б я магла напісаць ёй? Я б сказала, што я вельмі яе люблю, я вельмі ёю ганаруся, я вельмі спадзяюся, што яна робіць усё магчымае, каб апынуцца на волі.
А калі б пабачыла, я б моцна яе абняла. Я думаю, трэба найперш арыентавацца на тых, хто выходзіць, на тое, што ім трэба. Так што ўсё будзе залежыць ад самой Марыі. Мяркую, першае, чаго яна захоча — гэта проста спакою.
Мне здаецца, што гэта вельмі складана праз пяць гадоў апынуцца ў іншай краіне, у зусім іншым кантэксце. І трэба спакойна і вельмі павольна ўваходзіць у гэты новы кантэкст. І мая задача — забяспечыць гэты камфорт. Плюс спатрэбіцца хоць бы мінімальны медыцынскі чэк-ап.
Палітык Анатоль Лябедзька пра ліставанне з сынам: “Дайшла адна паштоўка”
— Пра маю сітуацыю скажу коратка: ад мяне сыну нічога не даходзіць. Першыя адна-дзве паштоўкі дайшлі. І ўсё. Ён з жоўтай біркай, як і астатнія палітвязні.

Мне падбіраць словы цяжка.
У маці і жонкі ёсць магчымасць пісаць лісты. Яны даходзяць.
Я сам быў у сітуацыі інкамунікада вельмі кароткі час, калі быў у амерыканцы. Я скажу, што гэта вельмі цяжкае выпрабаванне, якое не кожны здолее прайсці.
Чаму стаўленне да палітвязняў горшае, чым да забойцаў? Ну, забойцы ж не прэтэндуюць на ўладу. Не прэтэндуюць на тое, каб уладкаваць свабодныя выбары, каб узяць уладу пад кантроль. І таму праблема для ўлады — не забойцы і карупцыянеры, а просты чалавек, які хоча сказаць праўду.
Ініцыятарка Аб’яднання сваякоў палітвязняў Святлана Мацкевіч: “У людзей, якія доўгі час пражылі разам, ёсць ментальная сувязь”
— Думаю, улады разлічваюць на тое, што палітвязень будзе дадумваць і вырашыць, што яго ўсе кінулі. І гэта выкшталцоны гвалт. Для палітвязня, які доўгі час знаходзіцца ў закрытай прасторы, важна атрымліваць пацверджанне таго, што пра яго ведаюць і думаюць. Гэта важна для псіхалагічнай упэўненасці, і калі чалавека гэтага пазбаўляюць, дык разлічваюць, што ён дасць слабіну.
Я — былая жонка Уладзіміра Мацкевіча, у мяне зараз няма сувязі з ім. Але ў людзей, якія доўгі час пражылі разам, ёсць ментальная сувязь. Яна можа станавіцца слабейшай ці, насупраць, узмацняцца. І нават калі няма інфармацыі пра чалавека, ёсць успаміны пра яго. І ёсць магчымасць негатыў, які з’яўляецца праз псіхалагічны гвалт, перабіць пазітыўнымі ўспамінамі пра падзеі, якія адбыліся ў тваім жыцці.
Я не псіхолаг, я проста дзялюся сваім асабістым вопытам пра тое, як выхажу з сітуацыі адсутнасці кантакта. Што яшчэ дапамагае? Вера, надзея і любоў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.