Новыя падрабязнасці гібелі Вітольда Ашурка раскрылі праваабаронцы

Вітольд Ашурак

Вітольд Ашурак

Палітвязня Вітольда Ашурка адразу пасля каранціну ў шклоўскай калоніі адправілі ў ШІЗА і хацелі перавесці ў атрад для зняволеных з "нізкім статусам". Пра гэта гаворыцца ў сумесным даследаванні Міжнароднага камітэта па расследаванні катаванняў у Беларусі і праваабарончага цэнтра "Вясна" пра ўмовы ўтрымання ў папраўчай калоніі №17 горада Шклова.

Падчас падрыхтоўкі даклада праваабаронцы вывучылі сведчанні 18 былых палітвязняў, якія ўтрымліваліся ў ПК №17 са снежня 2020 да чэрвеня 2024 года.

Пра смерць Вітольда Ашурка стала вядома 21 траўня 2021 года. Паведамлялася, што ў атрад палітвязень так і не трапіў: пасля каранціну яго перавялі ў ШІЗА. Неўзабаве пасля смерці Ашурка сілавікі апублікавалі відэа. У роліку мужчына ў робе зняволенага (як мяркуецца, Ашурак) спачатку падае і стукаецца галавой пры спробе зайсці ў прыбіральню. Потым яму перавязваюць галаву, а пазней ён зноў падае.

Палітвязні, якія адбывалі тэрмін у шклоўскай калоніі адначасова з Ашуркам, кажуць, што да яго пачалі чапляцца яшчэ па дарозе ў калонію. Асуджаныя ехалі ў перапоўненым вагоне больш за суткі галодныя, без сухога пайка, з закутымі ў кайданкі рукамі, без сну. Ашурак спрабаваў тлумачыць канваірам, што яны робяць, але сутыкаўся толькі з агрэсіяй у адказ.

Калі з каранціну Ашурка перавялі ў ШІЗА, у калоніі пайшлі чуткі, што яго хочуць адправіць у атрад зняволеных з "нізкім статусам". Маўляў, туды хацелі перанесці яго рэчы. Зняволеныя мяркуюць, што гэтая інфармацыя дайшла да палітвязня ў ШІЗА. Праваабаронцы не выключаюць, што менавіта з гэтай прычыны ён не хацеў адтуль выходзіць і за гэта яго жорстка збілі.

"Таму што калі адзін раз пагадзіцца на гэтае глупства, паводле законаў зоны, калі ты паклаў свае рэчы сам, добраахвотна, сеў, лёг, павітаўся з "нізкім статусам", адразу становішся ізгоем, ператвараешся ў "нізкі сацыяльны статус", — тлумачыць адзін з былых вязняў.

Таксама былыя зняволеныя расказалі, што чулі гукі збіцця Вітольда Ашурка. Падрабязнасці ў дакуменце не публікуюцца дзеля бяспекі людзей, аднак ёсць цытата аднаго з мужчын: "Чулі ўсе, як гэты працэс адбываўся, у камп'ютарным класе, зусім побач, былі чутныя крыкі. У суседняй камеры штрафнога ізалятара, там таксама нармальна чуваць".

Таксама былыя вязні сказалі праваабаронцам, што на відэа сілавікоў быў не Вітольд Ашурак, а іншы чалавек.

"Са слоў людзей, якія знаёмыя з сітуацыяй, чалавек, які зняўся на відэа, быў у суседнім атрадзе. Ён сілуэтам ззаду падобны на Ашурка, па прычосцы, па ўсім. Мне сказалі, што ён сам казаў пра гэта некаторым, што гэта ён. Гэты чалавек знаходзіўся ў 6-м атрадзе. Гэта [смерць Ашурка] адбылося ў вячэрні час. Адразу ж у штабе паднялася моцная мітусня", — расказаў адзін з апытаных.

Паводле іншых вязняў, адміністрацыя калоніі была занепакоеная тым, што адбылося. Пасля смерці Ашурка да адной з камер у ШІЗА збеглася шмат міліцыянтаў. Усіх актывістаў, якія на гэты момант былі ў штабе калоніі, выгналі, будынак цалкам ачысцілі ад асуджаных любых катэгорый. Гібель Ашурка хутчэй за ўсё адбылася ў штабе калоніі. Як кажуць палітвязні, як толькі першыя з іх з'явіліся ў калоніі, іх вадзілі на збіццё ў штаб, а не ў штрафны ізалятар, бо там няма камер відэаназірання.

Следчы камітэт так і не пачаў крымінальную справу па факце смерці Вітольда Ашурка.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.