Ціханоўскі сказаў, як сутыкнуўся з праблемай нізкага статусу

Сяргей Ціханоўскі / ELTA
Адміністрацыя калоніі ціснула на Сяргея Ціханоўскага праблемай нізкага статусу. Праз гэта палітвязень сядзеў пераважна ў адзіночных камерах. Пра гэта ён расказаў у інтэрв'ю літоўскаму інфармацыйнаму рэсурсу Delfi.
Паводле Ціханоўскага, адміністрацыя калоніі запусціла інфармацыю, што ў яго камандзе былі людзі з "нетрадыцыйнай арыентацыяй".
"Я, напрыклад, пра гэта не ведаў, калі гэта і было. Але якія могуць быць прэтэнзіі да мяне? Усе ведаюць, у мяне ёсць жонка, у мяне ёсць дзеці. То бок я ў прынцыпе за сямейныя каштоўнасці. Запусцілі спецыяльна гэтую інфармацыю, каб і крымінал яшчэ ціснуў на палітычных. І ўсіх, хто па маёй справе ішоў, яны ім аўтаматычна такі статус "на кружкі", "на высвятленне". Гэта значыць, ты ўжо і ў нармальную камеру не можаш увайсці, але і да тых цябе не адпраўляюць — хто ўжо наогул з нізкім сацыяльным статусам. І атрымліваецца, ты павінен сядзець у адзіночцы", — тлумачыць Ціханоўскі.
Аднак сам па сабе вязень у адзіночную камеру трапіць не можа. Калі яго прыводзяць у звычайную камеру, вязні адмаўляюцца з ім сядзець, каб самім пажыццёва не атрымаць нізкі статус. Яго ставяць перад выбарам: калі ён сам не выйдзе яго пачнуць збіваць. Таму Ціханоўскі быў вымушаны звяртацца да адміністрацыі, а тая за адмову знаходзіцца ў камеры накіроўвала яго ў штрафны ізалятар:
"Я націскаю на званочак. "Што такое?" Я кажу: "Адмаўляюцца са мной сядзець". Выводзяць мяне, кажуць: "Вы адмовіліся знаходзіцца, вам спагнанне 15 сутак. Сядзі ў ШІЗА за гэта". І гэта ж з'яўляецца падставай для падаўжэння твайго тэрміну на 2 гады турэмнага зняволення. (…) Атрымліваецца, ты і ў штрафным ізалятары адбыў, і табе яшчэ да 2 гадоў дадаюць. Гэта кашмар".
Ціханоўскі паведаміў, што ў такім статусе знаходзяцца многія палітвязні, якія былі ў яго камандзе ў 2020 годзе.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.