Калеснікава не збіраецца выходзіць, пакуль не выйдзе апошні палітвязень

Марыя Калеснікава, архіўнае фота / Еўрарадыё
Палітзняволеная Марыя Калеснікава заявіла, што не выйдзе з-за кратаў, пакуль не выйдзе апошні з палітвязняў. Пра гэта экс-палітзняволеная Наталля Дуліна расказала ў гутарцы з выданнем "Новая газета. Европа".
У Дулінай спыталіся, чаму рэжым Лукашэнкі вызваліў Сяргея Ціханоўскага, а не, напрыклад, Марыю Калеснікаву.
"У Калеснікавай жа вельмі жорсткая пазіцыя. Яна не тое што не збіраецца пісаць прашэнне аб памілаванні, але кажа, што не збіраецца выходзіць, пакуль не выйдзе апошні з палітвязняў. Можа быць, прыслухаліся да гэтага і не сталі яе адпускаць", — выказала меркаванне былая палітзняволеная.
Дуліна кажа, што яны з Калеснікавай былі ў калоніі ў розных атрадах, але часта сутыкаліся ў санчасці, куды трэба кожны дзень прыходзіць па таблеткі:
"Па раскладзе мы з яе атрадам аказваліся побач і амаль кожны дзень бачыліся і адзін аднаму ўсміхаліся. Гледзячы на яе і чуючы абрыўкі размоў у яе атрадзе, магу сказаць, што яна вельмі ўсмешлівая, вельмі стойкая, вельмі спакойная".
Таксама Дуліна згадала перыяд, калі зняволеным забаранілі кантактаваць з Калеснікавай. Тады салідарнасць з ёй іншыя зняволеныя выказвалі мімікай.
"Калеснікаву яшчэ вельмі доўга трымалі ў ШІЗА — год, па-мойму. Калі я там была, апошнія, здаецца, дзесьці паўгода, яе вярнулі ў звычайны атрад і на звычайную працу. Калі я з'язджала, па-мойму, яна зноў была ў ШІЗА. Любімая нагода [адправіць туды] — гэта няветлівы зварот да супрацоўніка калоніі. Нават калі вы задалі ўдакладняючае пытанне, гэта можа быць расцэнена як няветлівыа зварот", — згадвае жанчына.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.