Расія амаль у 50 разоў павялічыла закупкі бензіну ў Беларусі
Запраўка, ілюстрацыйнае фота
У кастрычніку Беларусь рэзка павялічыла пастаўкі бензіну на расійскі рынак. Пасля ўдараў украінскіх дронаў па расійскіх НПЗ там узмацняецца паліўны крызіс.
Як піша расійскае выданне The Moscow Times, сёлета ў кастрычніку аб'ём паставак бензіну з Беларусі праз Санкт-Пецярбургскую міжнародную таварна-сыравінную біржу вырас у 47 разоў у параўнанні з кастрычнікам мінулага года і дасягнуў 36,48 тыс. тон.
У лістападзе за 19 дзён праз гэтую ж біржу прададзена 21,72 тыс. тон — у сем разоў больш, чым за такі ж перыяд 2024 года.
Пры гэтым сітуацыя з пастаўкамі дызельнага паліва з Беларусі выглядае іначай. У кастрычніку яго прадалі на 27% менш — 27,36 тыс. тон. А пастаўкі за 19 дзень лістапада павялічыліся толькі на 21% — да 23,82 тыс. тон.
Разам з тым партнёр Neft Research Сяргей Фралоў заяўляе, што цяперашнія аб'ёмы паставак пакуль не маюць вырашальнага значэння для Расіі. Аднак беларускія пастаўкі дапамагаюць стабілізаваць расійскі рынак ва ўмовах падзення ўнутранай вытворчасці.
Пасля пачатку паліўнага крызісу ў Расіі прапанавалі павялічыць аб'ём беларускіх паставак бензіну да 300 тыс. тон у месяц. Аналітыкі мяркуюць, што беларускія НПЗ могуць пастаўляць да 150 тыс. тон.