Беларусы глядзяць на Усход, але не хочуць цеснай інтэграцыі з Расіяй
Даныя свежага даследавання iSANS / family.by
Беларусы бачаць асноўнымі партнёрамі для развіцця эканамічнага супрацоўніцтва Расію і Кітай, крыху ніжэй — краіны Еўразвязу. Пры гэтым арыентацыя на ЕС знізілася за апошні год. Такія даныя прыводзіць iSANS.
64% беларусаў лічаць прыярытэтнай арыентацыю на Расію і Кітай, а 38% — на Еўропу. За апошнія два гады таксама некалькі павялічылася доля тых, хто лічыць неабходным развіццё эканамічнага супрацоўніцтва з ЗША — 33%.
У якасці пагрозы для Беларусі часцей згадваюцца НАТА — 34%, Украіна — 28%, Польшча — 21%, Расія — 18%.
Стабільна асноўным вектарaм знешняй палітыкі беларусы лічаць самастойнасць без арыентацыі на іншых — так адказалі 40% апытаных.
Каля траціны — 36% жыхароў Беларусі — мяркуюць, што ў выбары напрамку трэба арыентавацца на Расію. Пры гэтым гэты паказчык вырас у параўнанні з лістападам 2023 года на +6 п.п.
15% беларусаў хочуць арыентавацца на Еўропу, а яшчэ 7% — на Кітай.
Падтрымка далучэння Беларусі да Расіі ў якасці суб’екта федэрацыі застаецца нязначнай — усяго 3%. Павялічваецца пазіцыя “цяжка адказаць” — 21%, +7 п.п., у пытаннях формы беларуска-расійскіх адносінаў.
Знізілася колькасць тых беларусаў, якія лічаць, што наша краіна павінна будаваць адносіны з Расіяй на аснове міжнародных дагавораў.
Пры гэтым прыкметна знізіўся працэнт тых беларусаў, якія лічаць цесную інтэграцыю з Расіяй дабром.
Толькі 27% жыхароў Беларусі выказваюць падтрымку дзеянням расійскіх войскаў ва Украіне, і гэты паказчык нязначна змяняецца за апошнія тры гады, а больш за дзве траціны — 69% — падтрымліваюць пачатак перамоўнага працэсу.
Пацвердзіліся даныя па выбарах прэзідэнта Беларусі 2020 года. Святлана Ціханоўская ўпэўнена апярэджвае Аляксандра Лукашэнку.
11% лічаць, што Беларусь павінна імкнуцца да ўступлення ў Еўразвяз, яшчэ 10% выступаюць за правядзенне ўнутраных рэформаў для развіцця больш цесных сувязяў з ЕС, а 34% падтрымліваюць пашырэнне эканамічнага супрацоўніцтва.
Толькі 11% рэспандэнтаў лічаць, што Беларусь павінна пазбягаць адносінаў з Еўразвязам.
Якія высновы зрабілі даследчыкі
Вынікі маніторынгавых даследаванняў грамадскай думкі iSANS паказваюць, што беларускае грамадства дэманструе паступовую пераацэнку знешнепалітычных арыенціраў і фармаванне больш прагматычнага і самастойнага погляду на міжнародныя адносіны.
Расія застаецца галоўным знешнепалітычным партнёрам Беларусі, аднак яе роля ўсё часцей успрымаецца праз прызму залежнасці і рызыкаў, а не як безумоўная гарантыя бяспекі або эканамічнага развіцця.
Адносіны з Еўразвязам фармальна застаюцца замарожанымі, але еўрапейскі вектар не страціў прывабнасці. Для значнай часткі насельніцтва ЕС працягвае асацыявацца з магчымасцямі мадэрнізацыі, прававой стабільнасці і эканамічнага росту. Запыт на перазагрузку адносінаў з Еўропай суправаджаецца ўсведамленнем неабходнасці ўнутраных рэформаў і гуманізацыі палітычнай сістэмы.
У цэлым, беларускае грамадства праяўляе растучы рацыяналізм, умеранасць і імкненне да балансу, лічаць даследчыкі iSANS. Большасць жыхароў краіны падтрымлівае курс на знешнепалітычную самастойнасць і захаванне незалежнасці, аддаючы перавагу партнёрскім, а не “васальным” адносінам з іншымі дзяржавамі.