МЗС Літвы пацвярджае, што Мінск перадаў ноту аб палітычных кансультацыях

Міністэрства замежных спраў Літвы

Міністэрства замежных спраў Літвы / BNS

Міністэрства замежных спраў Літвы паведаміла, што атрымала ад афіцыйнага Мінска дыпламатычную ноту з патрабаваннем правесці палітычныя кансультацыі.

"Адзінае патрабаванне, якое Беларусь выставіла Літве — гэта правядзенне палітычных кансультацый. Яно было атрымана ў форме ноты ў мінулую пятніцу", — прыводзіць выданне LRT словы дарадцы міністра замежных спраў Крысціны Белікавай.

Міністр замежных спраў Літвы Кястуціс Будрыс заявіў, што рэжым Лукашэнкі дамагаецца пералому палітыкі ізаляцыі і адкрыцця канала сувязі "на ўзроўні палітычных прадстаўнікоў". Паводле яго, такую пазіцыю афіцыйны Мінск прадэманстраваў пасля таго, як МЗС Літвы заявіла пратэст у сувязі з затрыманнем у краіне літоўскіх перавозчыкаў.

Літоўскія фуры не могуць выехаць з Беларусі нават пасля таго, як Літва адкрыла мяжу, закрытую тры тыдні. Паводле звестак асацыяцыі літоўскіх перавозчыкаў, у Беларусі затрымаліся каля 1800 грузавікоў з літоўскімі нумарамі. 26 лістапада з'явіліся звесткі, быццам прычэпы з літоўскімі нумарамі перамяшчаюць са спецстаянак на пляцоўкі канфіскаванай тэхнікі ў Мінску.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.