Праваабаронцы: Ад 2022 года як мінімум 8 палітвязняў-беларусаў былі дэпартаваны
Беларусы вымушаны пакідаць краіну, нават калі яны не збіраліся гэтага рабіць / Аліса Ганчар, rada.fm
— Пачынаючы з 2022 года як мінімум 8 палітвязняў-беларусаў былі дэпартаваныя з краіны. Людзей фактычна выкідаюць з Беларусі, — паведамляюць у праваабарончым цэнтры “Вясна”.
Гаворка пра людзей, якія не маюць іншага грамадзянства: Алег Груздзіловіч, Андрэй Кузнечык і Алена Маўшук, Сяргей Ціханоўскі, Наталля Дуліна, Ігар Карней, Кірыл Балахонаў, Сяргей Шэлег. Іх вызвалілі па памілаванні пры садзейнічанні кіраўніцтва ЗША.
У шматлікіх інтэрв'ю беларусы падкрэсліваюць, што іх дэпартавалі з краіны без права выбару.
— Вываз з краіны палітвязняў адбываецца без афіцыйнай пастановы суда ці іншага органа аб дэпартацыі, — кажуць праваабаронцы. — Супрацоўнікі КДБ садзяць іх у аўтамабіль ці аўтобус і вязуць да мяжы Літвы. Фармальна гэта не афармляецца як дэпартацыя, але фактычна — гэта яна. У выпадку Сяргея Ціханоўскага, Раман Пратасавіч прасіў яго, каб той напісаў на паперцы, што той не супраць таго, каб яго адправілі за мяжу.
Праваабаронцы нагадваюць, што падобныя дзеянні рэжыму з'яўляюцца незаконнымі.