Цягнік-“стрыж” будзе даязджаць ад Мінска да Берліна за 12 гадзінаў

Новы міжнародны цягнік, які запускаюць у снежні гэтага года, дазволіць дабрацца з Мінска да Берліна за 12 гадзінаў. Цягнік № 13/14 Масква — Берлін пад брэндам Swift (“Стрыж”) будзе адпраўляцца з Курскага вакзалу ў Маскве. Яго запускаюць 18 снежня.
Паводле інфармацыі прэс-служба Расійскай чыгункі, ён будзе спыняцца на станцыях Смаленск, Орша, Мінск, Брэст, Тэрэспаль, Варшава, Познань, Жэпін, Франкфурт (Одэр). Цягнік сфармаваны з вагонаў, абсталяваных сістэмай аўтаматычнага змянення шырыні колавых пар. Гэта скарачае пераход з каляіны расійскага стандарту на еўрапейскі да 20 хвілінаў (у звычайных цягнікоў колы мяняюць па дзве гадзіны).
Такім чынам, адлегласць ад Мінска да Берліна цягнік будзе праходзіць прыкладна за 12 гадзінаў, а паездка ад Масквы да Берліна зойме 20 гадзінаў (на звычайных цягніках 25).
Цягнік Swift будзе курсіраваць два разы на тыдзень па суботах і нядзелях — з Масквы будзе выходзіць у 13.05 і прыбываць у Берлін у 7.19 наступным сутак (паводле мясцовага часу). З Берліна (станцыя Берлін Остбанхоф) цягнік будзе выходзіць па нядзелях і панядзелках у 18.50 (мясцовы час) і прыбываць у Маскву ў 17.25 наступных сутак, перадае БелаПАН.