Ціснуць санкцыямі ці ісці на перамовы з рэжымам — “штучны канфлікт”?
Ціск ці перамовы з рэжымам? / shutterstock / Fanni_2021
— Калі мы маем на ўвазе, што нашая галоўная мэта — незалежная дэмакратычная Беларусь, гэта і павінна нас аб’ядноўваць, — кажа Аляксандр Дабравольскі.
На думку дарадцы Святланы Ціханоўскай па палітычных пытаннях, канфлікт паміж беларусамі, якія выступаюць за ціск на рэжым і перамовы з Лукашэнкам — штучны, што, натуральна, не змяншае градус напружання.
Удзельніца Ініцыятывы за вызваленне палітвязняў Таццяна Хоміч бачыць выйсце ў змене рыторыкі ў дэмсупольнасці і прызнанні самім сабе — беларусам з розных бакоў мяжы даўно патрэбна дээскалацыя.
Падрабязней пра ўсё гэта чытайце ў інтэрв’ю з гасцямі Еўрарадыё.
Тэрміновая дээскалацыя і ўсё магчымае, каб не дапусціць абвастрэння сітуацыі
— Вы выступаеце за змену стратэгіі і рыторыкі дэмсілаў. Але калі мяняць рыторыку, атрымліваецца, мы адкладаем тэму сумленных выбараў, бо яна раздражняе Лукашэнку, і засяроджваемся толькі на гуманітарным трэку — вызваленні палітвязняў. Ці не азначае гэта, што дэмсілы адмаўляюцца ад палітыкі і сыходзяць у чыстую праваабарону? Гэта нармальна — ці проста такі час?
— Я думаю, што тут трэба сыходзіць з рэчаіснасці, — адказвае Таццяна Хоміч. — Ці варта цяпер казаць пра новыя сумленныя выбары — праз пяць гадоў, калі мы яшчэ далей ад іх, чым былі ў 2020-м ці 2021 годзе? Трэба пераацаніць, дзе мы цяпер знаходзімся і што магчыма рабіць. Тут кожны прымае рашэнне сам для сябе.
Кожны мае права сфакусавацца на тым, што бліжэй. Але…
Дык у чым прычына дыскусіі вакол перамоваў з рэжымам ці ціску на яго? Вось як адказвае на гэтае пытанне Аляксандр Дабравольскі.
— Перамовы з рэжымам былі асноўнай нашай прапановай ад самага пачатку стварэння Каардынацыйнай рады першага склікання. Мы нават праводзілі галасаванне за тое, каб былі такія перамовы.