Колькасць месцаў у магістратуры будзе вызначаць дзяржава, а не ВНУ

Беларускі дзяржуніверсітэт, ілюстрацыйнае фота
У Беларусі захаваюцца ўсе тры варыянты магістратуры — бюджэтная для грамадзян Беларусі, платная, а таксама платная для замежнікаў. Пра гэта паведаміў дзяржаўным СМІ міністр адукацыі Андрэй Іванец пасля нарады ў Аляксандра Лукашэнкі.
Аднак кантрольныя лічбы прыёму ў магістратуру будзе вызначаць дзяржава, як цяпер яна робіць пры прыёме навучэнцаў ва ўніверсітэты і каледжы. Раней ВНУ фармавалі колькасць бюджэтных месцаў у магістратуры і пералік спецыяльнасцяў, зыходзячы са свайго бачання. Цяпер жа, кажа міністр, колькасць бюджэтных месцаў будзе залежаць ад запыту на пэўных спецыялістаў.
На нарадзе 23 кастрычніка Лукашэнка зноў пачаў змагацца з магістратурамі ў беларускіх ВНУ. На яго думку, вучыцца ў магістратуры мусяць толькі тыя, хто будзе выкладаць ці займацца навукай. Ды яшчэ замежнікі, бо яны плацяць за адукацыю.
Пры гэтым Лукашэнка заявіў, што магістратура ў Беларусі развівалася ў рамках Балонскага працэсу. "Некалькі гадоў таму мы на гэтую тэму з вамі пагутарылі і вызначыліся: ніякага Балонскага працэсу, у нас нармальная адукацыя", — падкрэсліў ён.
Насамрэч Беларусь выключаная з Балонскага працэсу не па жаданні Лукашэнкі, а праз саўдзел у расійскай вайне супраць Украіны і парушэнні акадэмічных свабодаў. Наша краіна ўдзельнічала ў Балонскім працэсе з 2015 года. Дзякуючы гэтаму існавалі праграмы абмену, а дыпломы беларускіх ВНУ мусілі прызнавацца ў іншых краінах, якія далучыліся да пагаднення
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.