Стала вядома, хто з палітвязняў выходзіў са Статкевічам на мяжы

Мікалай Статкевіч на беларуска-літоўскай мяжы
Разам з Мікалаем Статкевічам 11 верасня на беларуска-літоўскай мяжы выйшаў Максім Вінярскі. Ён расказаў расійскаму выданню "Новая газета. Европа" падрабязнасці таго, што адбывалася на мяжы.
Вінярскага затрымалоі ў студзені 2021-га і асудзілі на пяць гадоў калоніі. Летась затрымалі яго родную сястру, шматдзетную маці Алену Церашкову і прысудзілі ёй тры гады "хатняй хіміі".
Вінярскаму заставаўся месяц да канца тэрміну, калі яго разам з іншымі палітвязнямі даставілі ў СІЗА КДБ, каб выслаць у Літву. Вязняў у аўтобусе суправаджалі канваіры ў масках, але на нейтральнай паласе яны выскачылі з аўтобуса. "Аўтобус паехаў у бок Літвы, дзверы былі зачыненыя. Мікалай пачаў біць па дзвярах аўтобуса", — згадвае экс-палітвязень.
Кіроўца-гэбіст пачаў крычаць пра паломку, але Статкевіч быў намераны застацца ў Беларусі. Дапамог кіраўнік незалежнага прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч: ён проста павярнуў аварыйную ручку над дзвярыма, пасля чаго іх стала магчыма адчыніць простым фізічным намаганнем. Статкевіч выйшаў вонкі, і Вінярскі — следам за ім. Іх спрабавала прагнаць маладая памежніца, якая крычала, што ім нельга назад у Беларусь і праганяла ў Літву.
Статкевіч сказаў, што ён грамадзянін Беларусі. На гэта памежніца адказала: "А як вы можаце даказаць, што вы грамадзянін Беларусі? У вас няма дакументаў, а без дакументаў вас ніхто не ўпусціць у Беларусь". Пасля яе замяніў, як кажа Вінярскі, "мардаварот у цывільным", які таксама запэўніваў, што ў Беларусь іх не пусцяць.
"Мы стаялі каля той бетоннай дугі, якая трапіла ва ўсе сусветныя медыя. Мікалай хацеў сесці. Спытаў мардатага: "Я магу тут прысесці?" Той адказаў: "Не, нельга, гэта ўжо беларуская тэрыторыя". І тады Мікалай схапіўся за сэрца і сказаў: "Ой, кепска мне, не магу стаяць…" І спакойна сеў".
Пераконваць палітвязняў ехаць у Літву паклікалі прадстаўніка ЗША, пра якога Вінярскі ведае толькі імя — Кевін. Той нават прапанаваў свой тэлефон, каб яны маглі пагаварыць з роднымі. Маці сказала Вінярскаму, што не перажыве новых праблем з ім, а таксама, што яго рашэнне можа кепска адбіцца на асуджанай сястры. Таму ён вырашыў ісці ў Літву. А Статкевіч не адступіўся ад намеру вярнуцца ў Беларусь.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.