Ці пакажа кіроўца Uber даведку пра медагляд?

Спрэчкі, чым лепш карыстацца — звычайным таксі ці Uber, дзе пасажыр больш “застрахаваны” і дзе лепшыя кіроўцы, не спыняюцца з дня з’яўлення ў Мінску новай паслугі. Еўрарадыё вырашае на ўласным карэспандэнце праверыць, ці адпавядаюць абяцанні кіраўніцтва Uber рэчаіснасці.
Каб пачаць карыстацца Uber, неабходна запампаваць у мабільнік адпаведную праграму. Гэта нескладана і займае пару хвілінаў. Адно калі ў вас да гэтага часу няма разліковай пластыкавай карткі, гэтая паслуга вам недаступная. Рэч у тым, што грошы кіроўцу вы не плаціце — неабходная сума спісваецца з вашага рахунку.
Рэгіструюся, як новы карыстальнік атрымліваю прома-код — бясплатную першую паездку на суму да 250 тысяч рублёў. Праграма аўтаматычна знаходзіць месца, дзе я цяпер, і паказвае найбліжэйшую машыну, яе марку, нумар і імя кіроўцы. Націскаю выклік. Машына будзе праз 7 хвілін.
Першае ўражанне — шыкоўны выгляд. Не, не машыны, хаця і яна выглядае дагледжанай і чыстай, а кіроўцы. Сяргей, мужчына гадоў сарака, у белай кашулі з гальштукам пад чорным строем.

"Самому прыемна і кампанія патрабуе, каб кіроўца выглядаў добра. Каб людзям было прыемна сесці — каб у машыне было чыста, прыемны пах".
Пачынаю з праверкі абавязковага камплекту дакументаў, які, паводле абяцання кіраўніцтва Uber, павінен быць у кожнага кіроўцы. А гэта рэгістрацыя ў якасці юрыдычнай асобы альбо індывідуальнага прадпрымальніка, ліцэнзія на перавозку пасажыраў, страхоўка адказнасці перавозчыка перад пасажырам.
Наша просьба паказаць усе дакументы калі і здзіўляе Сяргея, то ён гэтага не паказвае, а дастае ўсе свае дакументы. Толькі адразу папярэджвае, што асабіста ён не зарэгістраваны ні ў якасці юрыдычнай асобы, ні ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка.
“Машына не мая — кампаніі. І я проста ў кампаніі кіроўца. Таму ў мяне ні ІП, ні юрасобы няма”, — тлумачыць Сяргей. І паказвае ўсё астатняе.
Сярод іншага бачу пуцявы ліст з адзнакамі праверкі тэхнічнага стану машыны і медагляду самога кіроўцы. Да ўсяго, хоць грошы за паездку спісваюцца з вашай карткі, кіроўца можа выпісаць чэк для вашай бухгалтэрыі — каб грошы вярнулі, калі едзеце па працы.
Перш чым паехаць Сяргей просіць мяне прышпіліць рэмень бяспекі і робіць гэта сам. Uber таксі не лічыцца, і да яго прымяняюцца ўсе тыя ж патрабаванні, як да звычайнай машыны: спыніць супрацоўнік ДАІ — выпіша штраф за непрышпілены рэмень бяспекі. Аплачвае штраф кліент.
І адразу робіцца вядомы першы мінус: карыстанне паслугай Uber для бацькоў з малымі дзецьмі немагчымае. Рэч у тым, што дзіцячых крэслаў у машынах кампаніі няма, адпаведна, вазіць дзяцей яны не маюць права. Што яшчэ? Звычайны сабака таксама не можа пракаціцца на Uber — толькі сабака-павадыр. Катоў пусцяць у салон толькі ў спецыяльным кантэйнеры.
Сяргей — прафесійны кіроўца. Пэўны час таму, кажа, працаваў таксістам, але нядоўга — не спадабалася арганізацыя працы. Працаваў на грузавой машыне — развозіў прадукты па рэгіёне. Кажа, як толькі Uber з’явіўся — не вагаўся. Адно давялося браць даведкі аб адсутнасці крымінальнай і адміністрацыйнай адказнасці, таму працуе не з першага дня — сёння другі дзень, як выйшаў на працу. Адпаведна, нічога сказаць пра заробкі пакуль не можа.
“Тут аплата пагадзінная — усё залежыць ад таго, колькі часу ты на лініі”.

Заводзім размову пра незадаволенасць таксістаў з нагоды з’яўлення Uber.
“Канкурэнцыя мы ім нармальная, — усміхаецца Сяргей. — Я вось з людзьмі размаўляю падчас паездкі — ім падабаецца. Зручна і добры сэрвіс. Мы ж жанчынам дзверы адчыняем. Ну, калі паспеем выйсці. Ім падабаецца”.
Па заканчэнні паездкі пасажыр ацэньвае кіроўцу і наадварот. Калі пасажыр за некалькі паездак атрымае адмоўную ацэнку кіроўцаў — яго блакуюць, і больш Uber ён карыстацца не можа.
“Ад выклікаў мы не адмаўляемся, бяром усе. Але ёсць нюансы: калі прыязджаем і бачым, што чалавек нападпітку, але ў адэкватным стане — едзем, калі ж прыязджаеш і бачыш, што чалавек у неадэкваце, то здымаеш заказ — заходзіш у праграму і пішаш на офіс, што чалавек у неадэкватным стане”.
Паездка завершаная. Сяргей ацэньвае мяне як пасажыра на пяць зорак. І адразу атрымлівае новы заказ. Я па вяртанні ў рэдакцыі правяраю пошту: прыйшоў ліст ад Uber: паказана, па якім маршруце мы ехалі, які кіламетраж, колькі гэта каштуе і колькі з маёй карткі спісана. Сапраўды, за першую паездку спісання няма. Толькі наездзіў я менш чым на 44 тысячы рублёў, і рэшта ў 206 тысяч ад падарункавых 250-ці за першую паездку згарэла.
