Ці дамагліся ўладальнікі дамоў пад знос выканання сваіх патрабаванняў?

Ці дамагліся ўладальнікі дамоў пад знос выканання сваіх патрабаванняў?

Раніцай 31 студзеня ў Мінску на будоўлі "Алімпік Парка" пенсіянерка Галіна Ігнатовіч залезла на вежавы кран. Такім чынам жанчына намагаецца дамагчыся справядлівай кампенсацыі за знос свайго дома ў Лябяжым. Еўрарадыё прыгадала гісторыю са зносам дома Аляксея Васкабовіча на вуліцы Уманскай у Мінску. Дом зносілі з-за будаўніцтва новых станцый метро. І гаспадар амаль чатыры гады, з 2008-га па 2012-ты, дамагаўся справядлівай кампенсацыі за сваю ўласнасць. Ці атрымалася ў яго гэта?

Еўрарадыё: Ці атрымалася ў вас ў выніку дамагчыся выканання вашых патрабаванняў?

Аляксей Васкабовіч: Не, чаго хацеў я так і не дамогся. Для мяне ўсё скончылася разуменнем таго, што дамагчыся ў нашых судаў справядлівага рашэння проста немагчыма. Мы хацелі, каб нам замест нашага дома, далі іншы прыватны дом (мясцовыя ўлады набылі за суму кампенсацыі і перадалі ва ўласнасць Васкабовічам, ― Еўрарадыё). Што закону не супярэчыць. І два разы я судам прадстаўляў у якасці прапановы дамовы на пакупку дома, дзе было нават на сто квадратных метраў менш, чым я меў у сваім доме. Мы былі згодныя і на такі варыянт, каб усе нашы тры сям’і пераехалі ў адзін такі прыватны дом. Але адказ атрымлівалі адзін: “Не!”. Кампенсаваць нам пагаджаліся выключна кватэрамі.

Еўрарадыё:На які варыянт вы ў выніку пагадзіліся?

Аляксей Васкабовіч: З кіраўніком адміністрацыі нашага раёна мы дамовіліся пайсці на кампраміс: нам выдзяляюць тры кватэры ― чатырох-, трох- і двухпакаёвую агульнай плошчай 255-260 квадратных метраў. І мы разыдземся ― больш мне нічога не трэба. Але ў выніку мяне і тут падманулі: далі на 27 квадратных метраў агульнай плошчы менш. Маем сёння дзве двухпакаёвыя кватэры і адну чатырохпакаёвую агульнай плошчай 233 квадратныя метры. Пры гэтым, я не атрымаў нікай кампенсацыі за вонкавыя пабудовы і зялёныя насаджэнні і па сёння. Дарэчы, гэтай кампенсацыі не атрымаў не толькі я, але і большасць маіх суседзяў па знесеным прыватным сектары ў тым раёне.

Еўрарадыё: Але нехта ўсё ж атрымаў такую кампенсацыю?

Аляксей Васкабовіч: Там увогуле часам было не зразумець, па якіх меркаваннях, як каму што кампенсавалі! Вось, адны суседзі мелі каля сорак метраў квадратных, і на чатырох чалавек пасля судовых разбіральніцтваў ім даюць дзве двухпакаёвыя кватэры. І кампенсацыю за насаджэнні яны атрымалі. А другі меў больш метражу і пяцёра чалавек у доме, а атрымаў адну двухпакаёвую кватэру. Карацей, я толькі здароўе гэтымі судамі і разборкамі падарваў, да гэтага часу не адышоў, меў сямігадзінны допыт у КДБ ― хацелі мне прышыць абразу гонару і дзелавой рэпутацыі тагачаснага мэра Ладуцькі, але ў выніку атрымаў толькі тое, што ўлады вырашылі мне даць, а не тое, чаго я патрабаваў.

Нагадаем, раніцай 31 студзеня ў Мінску на будоўлі "Алімпік Парка" пенсіянерка залезла на вежавы кран. Яна патрабуе справядлівай кампенсацыі за знос свайго дома ў Лябяжым. Менавіта сёння сям'ю Галіны Ігнатовіч збіраліся прымусова выселіць судовыя выканаўцы. Зносіць дом будзе забудоўшчык "Тапас". Кампенсацыя, якую прапанавалі некалькім сем'ям (тры няновыя кватэры), людзей не задаволіла. Ігнатовіч пагражала, што скочыць уніз з крана, калі не будзе забяспечаная кампенсацыя за дом, якая іх задаволіць. Жанчына казала, што злезе з крана толькі, калі ёй адкажа Шорац. У выніку некалькі супрацоўнікаў МНС залезлі на кран з дапамогай аўталесвіцы. Яны забралі жанчыну з сабой, абвязалі яе тросам, знялі дзяржаўны сцяг і спусціліся на зямлю. Пенсіянерку пасадзілі ў машыну хуткай дапамогі.