Чыноўнікі праверылі ў "дармаедаў" Міншчыны даходы і выдаткі

Пасяджэнне чыноўнікаў у Мінаблвыканкаме

Пасяджэнне чыноўнікаў у Мінаблвыканкаме / прэс-служба Мінаблвыканкама

Чыноўнікі Мінскай вобласці знайшлі яшчэ адзін спосаб барацьбы з "дармаедамі". Сёлета падатковая прааналізавала маёмаснае становішча 4300 чалавек. У некаторых з іх знайшлі перавышэнне выдаткаў над даходамі, кажуць у Мінскім аблвыканкаме.

У выніку падаткавікі налічылі 223,8 тыс. рублёў падаходнага падатку. Дарэчы, калі праверка выяўляе такія "лішнія" сумы, іх абкладаюць падаходным зборам па стаўцы ў 26% замест стандартнай у 13%.

Таксама ў Мінаблвыканкаме паведамілі, што колькасць зарэгістраваных беспрацоўных у вобласці за год зменшылася амаль на 15%. Але ў базе непрацуючых усё яшчэ шмат людзей.

Чыноўнікі падкрэслілі, што так званыя "дармаеды" плацяць поўны кошт паслуг за гарачае водазабеспячэнне, цеплазабеспячэнне і газазабеспячэнне. Таксама ў кожным раёне дзейнічае камісія, "якая аналізуе і прапануе працу непрацаўладкаваным грамадзянам".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.