Чыноўнік з Вілейкі прымушаў падначаленых збіраць грыбы

Былы дырэктар рэгіянальнага кіравання "Вілейкарайгаз" філіяла "Мінаблгаз" асуджаны на два з паловай гады пазбаўлення волі і штраф у памеры 300 базавых велічыняў за злоўжыванне ўладай і службовымі паўнамоцтвамі, паведамляе БЕЛТА.

Падчас следства стала вядома, што з 2006 па 2012 год кіраўнік філіяла прымушаў сваіх падначаленых працаваць па-за межамі газавай гаспадаркі. У працоўны час работнікі арганізацыі займаліся ўборкай бульбы, зборам грыбоў, рамонтам кватэр і катэджаў, а таксама іншымі незвычайнымі рэчамі. Пры гэтым наймальнік выплачваў ім толькі афіцыйны заробак.

Аб'екты, куды былы дырэктар накіроўваў падначаленых, былі раскіданыя па тэрыторыі Мінскай вобласці — ад Вілейкі да Мінска. Сярод тых, хто карыстаўся паслугамі рабочых "Вілейкарайгаза", былі не толькі сваякі экс-кіраўніка, але і яго шматлікія знаёмыя: раённыя чыноўнікі і кіраўнікі прадпрыемстваў.