Чыноўнік — аб прыборцы мемарыяла ў памяць Рамана Бандарэнкі: прыводзім у парадак
Прыборкай стыхійных мемарыялаў у памяць забітага Рамана Бандарэнкі займаюцца "ў сувязі са шматлікімі зваротамі грамадзян". Пра гэта агенцтву "Мінск-Навіны" заявіў першы намеснік кіраўніка адміністрацыі Цэнтральнага раёна Вадзім Перадня.
Чыноўнік паведаміў, што на тэрыторыі Цэнтральнага раёна было некалькі такіх мемарыялаў. Самы вялікі — на Плошчы Перамен, дзе і адбылася трагедыя.
"У сувязі са шматлікімі зваротамі грамадзян з 15 лістапада іх прыводзяць у парадак у адпаведнасці з правіламі добраўпарадкавання і ўтрымання населеных пунктаў. У мерапрыемствах задзейнічаныя работнікі розных жыллёва-эксплуатацыйных арганізацый. Яны беражліва пераносяць кветкі, знічы ды іншыя прынесеныя гараджанамі рытуальныя прыналежнасці ў спецтэхніку, якая адвозіць іх на спецыяльна вылучаны ўчастак на Паўночных могілках", — заявіў Перадня.
Па яго словах, прыбраць стухійныя мемарыялы плануецца на працягу працоўнага дня 16 лістапада.
15 лістапада сілавікі знішчылі стыхійны мемарыял на Плошчы Перамен: растапталі кветкі і знічы. Пасля гэтага ўсё было вывезенае на Паўночныя могілкі.
У сацсетках ужо з'явіліся паведамленні пра людзей, якіх міліцыянты затрымліваюць за спробу пакласці кветкі ў памяць пра Бандарэнку.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.