“Чорныя рыэлтары” з Бабруйску зарабілі 2 мільярды рублёў

Траім жыхарам Бабруйска выставілі абвінавачанні ў незаконным атрыманні болей як 2 мільярдаў рублёў пры аказанні рыэлтарскіх паслуг.

Паводле следства, яны аб’ядналіся ў арганізаваную злачынную групу і здзяйснялі злачынствы, звязаныя з парушэннямі заканадаўства ў сферы продажу нерухомасці. Яны падбіралі жыллё ў Бабруйску і Мінску, угаворвалі іх уладальнікаў прадаць гэтыя аб’екты нерухомасці, а потым прадавалі жыллё трэцім асобам. У працэсе афармлення ўгодаў яны парушалі заканадаўства.

У выніку сваёй дзейнасці яны атрымалі прыбытак у памеры 2 мільярдаў рублёў. Усе злачынствы былі здзейсненыя цягам трох год — з лістапада 2010 года па лістапад 2013 года.

На маёмасць фігурантаў справы накладзены арышт у памеры 2,7 мільярдаў рублёў. Дваіх абвінавачаных узялі пад варту, інфармуе БелаПАН са спасылкай на Следчы камітэт.