BYPOL: Улады дазволілі прымаць на працу "нелаяльных" беларусаў

Работа в Беларуси / pixabay.com
Кадравы крызіс у Беларусі настолькі сур'ёзны, што ўлады дазволілі прымаць на працу "нелаяльных" беларусаў. Гаворка пра тых, хто ў 2020-м годзе паставілі подпісы за альтэрнатыўных кандыдатаў — пасля выбараў іх звальнялі з дзяржструктур з "воўчымі білетамі", не давалі ўладкавацца па спецыяльнасці.
Крыніца BYPOL сцвярджае, што дазвол, атрыманы кіраўнікамі дзяржаўных арганізацый, — непублічны. Іншыя падрабязнасці пакуль невядомы.
Пасля выбараў 2020 года ўлады разгарнулі сапраўднае паляванне не толькі на тых, хто выйшаў на вулічныя пратэсты, але і на тых, хто паставіў подпіс за вылучэнне кандыдатамі ў прэзідэнты Віктара Бабарыкі, Валерыя Цапкалы і Сяргея Ціханоўскага. Іх звальнялі, нягледзячы на досвед і веды. Рэпрэсіі закранулі і прафесіяналаў, занятых у ахове здароўя і навуковай сферы.
На кіраўнікоў прыватных кампаній таксама аказваўся ціск. Праз пагрозы праверак і штрафаў яны былі вымушаныя пазбаўляцца ад высокакваліфікаваных супрацоўнікаў. Шмат хто з іх іміграваў, у асноўным у Польшчу і Літву.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.