Былому кіраўніку ДАІ ў Баранавічах выставілі абвінавачванне
Былому часоваму выканаўцу абавязкаў начальніка аддзела ДАІ Баранавіцкага ГАУС Андрэю Ваўкавыцкаму, які 26 лістапада сеў за руль п’яным і насмерць збіў жанчыну-пешахода, выставілі абвінавачванне. Артыкул — "парушэнне правілаў дарожнага руху асобай, якая кіравала транспартным сродкам у стане алкагольнага ап'янення, што пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека" (ч. 4 арт. 317 КК), інфармуе БЕЛТА са спасылкай на Следчы камітэт.
Па версіі следства, пацярпелая (Вольга Стралкоўская) ў момант ДТЗ ішла па пешаходным пераходзе злева направа па ходу руху аўтамабіля. Паводле папярэдняй інфармацыі, легкавік ехаў на хуткасці больш за 60 км за гадзіну. Канкрэтныя дадзеныя з'явяцца пасля правядзення прызначаных экспертызаў і даследаванняў. Па выніках следчага эксперыменту была вызначана канкрэтная бачнасць пешахода з месца кіроўцы аўтамабіля Opel Zafira, якая склала 3 секунды да моманту наезду.
Ваўкавыцкі знаходзіцца ў следчым ізалятары.