Бухгалтарка прадпрыемства 5 гадоў завышала сабе заробак
За гэты час яна скрала больш за 180 млн рублёў. У адносінах 37-гадовай жанчыны распачалі крымінальную справу.
У Брэсцкай вобласці распачатая крымінальная справа ў дачыненні 37-гадовай бухгалтаркі швейнага прадпрыемства (паводле неафіцыйнай інфармацыі, яно месціцца ў Баранавічах). На працягу 5 гадоў (з 2009-га да 2015-га) яна завышала сабе заробак. Для гэтага бухгалтарка ўводзіла непраўдзівую інфармацыю ў камп'ютарную праграму сістэмы электронных плацяжоў. Гэтыя звесткі накіроўваліся ў банк, а пасля грошы пералічваліся на карт-рахунак жанчыны.
Як інфармуе прэс-служба Следчага камітэта, бухгалтарка скрала больш за 180 млн рублёў. Траціла яна іх на асабістыя патрэбы. Дарэчы, скрадзеныя грошы жанчына вярнула прадпрыемству. Паводле яе слоў, спачатку яна зрабіла памылку падчас унясення дадзеных у праграму і калі пабачыла, што гэта ніхто не заўважыў, стала рабіць гэта рэгулярна.
Крымінальную справу распачалі па артыкуле "крадзеж шляхам выкарыстання камп'ютарнай тэхнікі, здзейснены ў асабліва буйным памеры".
Фота: Мінск-навіны