Бухгалтар 7 гадоў атрымліваў заробак 16 звольненых работнікаў
Яго пакаралі 6 гадамі пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Суд Чыгуначнага раёна Гомеля разгледзеў гучную крымінальную справу. Па ёй праходзіў 41-гадовы вядучы бухгалтар двух замежных прадпрыемстваў. На працягу 7 гадоў мужчына зарабляў экстравагантным незаконным спосабам. Ён уносіў у разліковыя ведамасці прозвішчы былых работнікаў і налічваў ім заробак. Скрадзеныя грошы здымаў па спецыяльнай картцы. Такіх віртуальных работнікаў следства налічыла 16, інфармуе сайт odsgomel.org.
Мужчына некалькі разоў на год адпачываў у Іспаніі, Грэцыі,Турцыі, Арабскіх Эміратах і на Канарскіх выспах. Жонцы ён казаў, што гэта працоўныя камандзіроўкі. Таксама бухгалтар не шкадаваў грошай на набыццё дарагой ежы і вопраткі.
Махляра выкрыла адна з яго калегаў, якая выявіла чорную бухгалтэрыю. У адносінах мужчыны распачалі адразу некалькі крымінальных спраў, у тым ліку за службовы падлог і крадзеж у асабліва буйным памеры шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі.
Суд асудзіў бухгалтара на 6 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Пасля выхаду на волю яму давядзецца выплаціць па пазовах кампаній, дзе ён працаваў, каля мільярда рублёў.
Фота — Fotolia