Брэстчанін забіў бацьку і атрымаў 14 гадоў турмы

Забойства адбылося ўвечары 22 чэрвеня. Сын, які жыў у адной кватэры з бацькамі, збіў 60-гадовага бацьку. Ён нанёс яму кулакамі і нагамі не менш за 18 удараў, у тым ліку не менш за 12 - у галаву. Пасля гэтага сын сышоў да сябе ў пакой глядзець тэлевізар. У спальні мёртвага мужа знайшла маці забойцы, ён памёр ад адкрытай чэрапна-мазгавой траўмы.

Па словах абвінавачанага, калі ён распіваў віно разам з бацькам, той назваў яго няўдачнікам. Палічыўшы гэта абразай, сын бацьку забіў. Сястра распавяла, што раней брат п’яным таксама збіваў бацьку і маці.

Судовая калегія па крымінальных справах Брэсцкага абласнога суда прызнала мужчыну вінаватым у наўмысным забойстве і прысудзіла да 14 гадоў пазбаўлення волі. На судовым пасяджэнні ён заявіў, што страціў над сабой кантроль, забіваць бацьку не хацеў, паведамляе БелаПАН.