Брэстаўчаніна, які пакусаў міліцыянта, адправілі за краты
34-гадовы мужчына правядзе адзін год у калоніі строгага рэжыму. Такі вырак вынес суд Ленінскага раёна Брэста 22 ліпеня.
9 траўня падчас салюту ў Брэсцкай крэпасці мужчына вырашыў выкупацца. Спусціўшыся ў абводны канал Заходняга Буга, ён паваліўся ў ваду, а потым лёг на беразе. Як выявілася, мужчына быў п'яны. Паводле яго слоў у судзе, днём ён адзначыў Дзень Перамогі з сястрой і яе мужам.
Нецвярозага купальшчыка заўважыў супрацоўнік міліцыі, які ў той вечар ахоўваў грамадскі парадак каля ракі. Міліцыянт спусціўся да парушальніка і папрасіў яго падняцца на тратуар. Аднак той спачатку на зварот не адрэагаваў, а затым раптам ускочыў, пачаў махаць кулакамі і паваліў праваахоўніка на зямлю.
На дапамогу калегу прыбег іншы супрацоўнік міліцыі. Аднак мужчына, супраціўляючыся, пакусаў яго, піша "Брестская газета".
У судзе абвінавачаны прызнаў сваю віну часткова, спаслаўся на моцнае алкагольнае ап'яненне і дрэнны зрок. Мужчына раней ужо быў двойчы судзімы за аналагічныя злачынствы.
Парушальніку прысудзілі два гады зняволення. Аднак гэты тэрмін скараціўся ўдвая дзякуючы сёлетняй амністыі.
Фота — ipnews.in.ua