Брэсцкія вяскоўцы адбілі землякоў у міліцыі (фота)
Канфлікт адбыўся 9 траўня ў вёсцы Страдзеч Брэсцкага раёна.
Увечары машына ДАІ прыбыла ў двор аднаго з вяскоўцаў, каб канфіскаваць самаробны трактар уладальніка дома. Па версіі даішнікаў, мужчына ездзіў на сваім трактары без рэгістрацыйных нумароў па дарозе. Сам уладальнік кажа, што трактар — гэта хобі, ён па вуліцах не ездзіць і зрэдку выкарыстоўваецца на прыватным падворку.
Каб абараніць сваю маёмасць, вясковец выклікаў сваякоў і знаёмых. Калі да даішніка звярнуліся на "ты", той палічыў, што яго абразілі, і схапіў ўладальніка трактара за вопратку. Дайшло да бойкі, якую разняў адзін з прысутных. Пасля гэтага даішнік выклікаў па тэлефоне падмогу. Прыехала міліцыя і нават тры АМАПаўцы.
Як піша "Віртуальны Брэст", двух мужчын хацелі забраць у міліцыю, але вяскоўцы перагарадзілі сваімі машынамі выезд з двара. Выкарыстаць эвакуатар міліцыя не змагла, бо ў машыны набіліся дарослыя і дзеці — у такіх умовах эвакуяваць забаронена. Складаныя перамовы працягваліся амаль да паўночы.
Вяскоўцы кажуць, што ў нейкі момант з кабуры ледзь не з'явіўся пісталет. Мужчыну, які разняў бойку, пасадзілі ў аўтамабіль ДАІ, дзе яму стала кепска з сэрцам. Аднак міліцыянт адмаўляўся нават адкрыць вокны ў аўто. Медыкі, якія прыехалі па выкліку, змаглі забраць мужчыну да сябе, але калі яму стала лепш, яго зноў зачынілі ў машыне ДАІ. Пры гэтым выкарысталі кайданкі.
Міліцыя з'ехала без трактара і арыштаваных. Вяскоўцы пішуць скаргі на дзеянні супрацоўнікаў ДАІ. Справа перададзеная ў Следчы камітэт. Дарэчы, мужчынам (ці, як мінімум, аднаму з іх) пагражае арышт ад трох да шасці месяцаў.