БФФ пачала на дырэктара ФК "Іслач" справу аб падробцы і фальсіфікацыі дакументаў
Дырэктар ФК "Іслач" Ігар Смальянінаў / pristalica.by
У Беларускай федэрацыі футбола вырашылі пачаць дысцыплінарнае разбіральніцтва супраць дырэктара ФК "Іслач" Ігара Смальянінава. Яго падазраюць у парушэнні арт. 97 дысцыплінарнага кодэкса АБФФ (падробка і фальсіфікацыя дакументаў), паведамляе прэс-служба АБФФ.
Рашэнне было прынятае ў сувязі з інцыдэнтам падчас другога чвэрцьфінальнага матча Кубка Беларусі, у якім "Іслач" сустракалася з "Нёманам" (0:0, пенальці 2:4).
Пасля заканчэння дадатковага часу абедзве каманды замянілі галкіпераў. Спярша "Іслач" заявіла пра траўму Аляксандра Свірскага і памяняла яго. Потым "Нёман" памяняў Івана Садоўнічага. Згодна з правіламі міжнароднай арганізацыі IFAB, права на замену пасля фінальнага свістка перад серыяй пенальці мае толькі траўмаваны галкіпер. "Іслач" пасля гульні падала пратэст.