"Белнафтахім" лічыць, што наспела неабходнасць павысіць цэны на паліва

"Белнафтахім" лічыць, што наспела неабходнасць павысіць цэны на паліва

"Белнафтахім" лічыць, што ў Беларусі наспела неабходнасць павысіць рознічныя цэны на аўтамабільнае паліва. Пра гэта ў інтэрв'ю газеце "Рэспубліка" заявіў старшыня канцэрна Ігар Ляшэнка. Ён яшчэ не ведае, калі гэта можа адбыцца і якім будзе падаражанне.

Па словах Ляшэнкі, у наступным годзе цана на расійскую нафту для Беларусі павялічыцца на 8-9%, а значыць павялічыцца кошт гатовага прадукта (з-за так званага "падатковага манеўру" ў Расіі эфектыўнасць нафтаперапрацоўчай галіны нашай краіны знізіцца яшчэ больш). "Ужо цяпер існуюць аб'ектыўныя знешнія фактары, якія нафтаперапрацоўчыя заводы не ў стане кампенсаваць за кошт уласных рэзерваў", — сказаў кіраўнік "Белнафтахіма".

БелаПАН нагадвае, што апошні раз у нашай краіне аўтамабільнае паліва падаражала 13 студзеня 2015 года. "Белнафтахім" падкрэслівае, што цэны на паліва ў Беларусі значна ніжэйшыя, чым у сумежных краінах (за выключэннем Расіі).