“Беларусы адчуваюць сябе шчаслівымі, бо лічаць, што ў суседзяў значна горш”

Беларуская аналітычная майстэрня падвяла вынікі 2014 года. Сацыёлаг Андрэй Вардамацкі, палітолаг Павел Усаў і эканаміст Леанід Злотнікаў прэзентавалі 10 лютага ў Варшаве вынікі сваіх даследаванняў.

З іх вынікае, што ў беларусаў знікла надзея на заўтра, але яны сталі больш шчаслівымі сёння. Парадокс звязаны з падзеямі ў суседзяў, тлумачыць Андрэй Вардамацкі. Беларусы адчуваюць сябе шчаслівымі, бо лічаць, што ў суседзяў значна горш.

Увогуле, увага нашых суайчыннікаў да таго, што адбываецца ва Украіне, узрастала ў залежнасці ад інтэнсіўнасці баявых дзеянняў. У снежні 2013 года пільна сачылі за ўкраінскімі падзеямі толькі 44% беларусаў, а напрыканцы 2014 — ужо больш за 60%, распавёў Андрэй Вардамацкі. Прычым калі раней людзі “пасіўна спажывалі” навіны, якія падавалі ім у гатовай форме традыцыйныя СМІ, то летась жыхары нашай краіны пачалі актыўна шукаць інфармацыю самі ў блогах і сацыяльных сетках.

Тым не менш большасць беларусаў застаецца пад інфармацыйным уплывам расійскага і беларускага дзяржаўнага тэлебачання. І чым больш людзі глядзяць расійскія каналы, тым больш яны падтрымліваюць далучэнне Крыма да Расіі, адзначыў сацыёлаг. У снежні 2014 года з анексіяй паўвострава пагадзіліся 65% беларусаў.

Але агулам падзеі ва Украіне падштурхнулі да палярызацыі беларускага грамадства і раздзелу ў залежнасці ад тыпу СМІ, якім давяраюць, тлумачыць Вардамацкі.

Вардамацкі: “Тут адбыўся працэс самаідэнтыфікацыі разнастайных сацыяльных груп. Кожная група зарыентавалася, які менавіта сродак масавай інфармацыі ёй цікавы. І цяпер працуе з гэтым. Адбылося такое высвятленне (ці самапрасвятленне) — для кожнай мэтавай групы сваіх каштоўнасных арыентацыяў, у адпаведнасці з якімі яна будзе выкарыстоўваць той ці іншы сродак масавай інфармацыі”.

Прычым на фоне дзяржаўных і расійскіх СМІ больш даверу атрымалі незалежныя сродкі масавай інфармацыі.

А вось сапраўдную ідэалагічную паразу мінулы год прынёс беларускай апазіцыі, адзначыў палітолаг Павел Усаў. Дагэтуль апазіцыйныя партыі імкнуліся выбраць альтэрнатыўнага дзейнай уладзе кандыдата, вакол яго мабілізаваць грамадства і зладзіць рэвалюцыю. Аднак беручы пад увагу развіццё падзей ва Украіне, асабліва пасля Майдана, сама ідэя рэвалюцыі стала непрывабнай для беларускага грамадства. У выніку апазіцыйная канцэпцыя барацьбы за змену ўлады ў Беларусі была разбураная, а недавер з боку грамадства яшчэ больш павялічыўся.

Дэмакратычныя сілы не могуць таксама вырашыць унутраныя праблемы. Палітыкі не давяраюць адно аднаму, партыі па-ранейшаму не могуць аб'яднацца і выпрацаваць агульную стратэгію. У партыях назіраюцца таксама аўтарытарныя тэндэнцыі: цягам многіх гадоў арганізацыямі кіруюць усё тыя ж лідары.

Не быў лёгкім мінулы год і для беларускіх уладаў, а боязь гібрыднай вайны застаецца для афіцыйнага Мінска актуальнай і цяпер, кажа Павел Усаў. Складанасці сітуацыі дадае і набліжэнне выбараў, а разам з гэтым і магчымасць новай інфармацыйнай вайны з Расіяй.

Непрыемныя сюрпрызы прынясе хутчэй за ўсё і эканоміка, лічыць эканаміст Леанід Злотнікаў. Рэальныя даходы насельніцтва пачнуць падаць, калі Беларусь не атрымае найбліжэйшым часам вялікага крэдыту ад Расіі. Летась неапраўданае падвышэнне заробкаў прывяло да снежаньскага крызісу, у якім улады абвінавацілі Расію, кажа Злотнікаў. Аднак нават складаная сітуацыя не прымусіла шукаць новых шляхоў кіравання эканомікай — камандныя метады кіравання толькі ўзмацніліся. Краіна працягвае праядаць больш, чым вырабляе, дадае эксперт.