Беларускую Coca-Cola знялі з продажу ў Расіі

Беларуская Coca-Cola

Беларуская Coca-Cola / by.coca-colahellenic.com

У Расіі федэральная служба па наглядзе ў сферы абароны правоў спажыўцоў (Роскачество) зняла з продажу Coca-Cola беларускай вытворчасці.

Расійскія эксперты праверылі беларускі прадукт у рамках даследавання тавараў кампаній, якія пакінулі расійскі рынак, але чые тавары паступаюць у продаж праз "паралельны імпарт" (так у РФ і РБ называюць кантрафактныя пастаўкі падсанкцыйных тавараў). Пра гэта кіраўнік "Роскачества" Максім Пратасаў расказаў расійскаму інфармагенцтву ТАСС.

Разам з беларускай Coca-Cola правяралі польскі прадукт, атрыманы праз "паралельны імпарт".

Паведамляецца, што ў напоях знайшлі перавышэнне дапушчальных нормаў утрымання ортафосфарнай кіслаты. Гэтае хімічнае злучэнне выкарыстоўваецца ў харчовай прамысловасці як падкісляльнік і кансервант. Але яго канцэнтрацыя строга рэгламентуецца санітарнымі нормамі, бо пры перавышэнні ўтрымання ёсць пагроза негатыўнага ўздзеяння на здароўе спажыўцоў.

Таксама ў расійскім ведамстве заявілі, што на ўпакоўцы правераных тавараў не было абавязковай інфармацыі на рускай мове, што парушае раскійскае заканадаўства.

У выніку тавары былі знятыя з паліц расійскіх гандлёвых сетак да ліквідацыі выяўленых недахопаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.