Беларускія біскупы запрасілі Папу Льва XIV наведаць Беларусь

Папа Леў XIV і беларускія біскупы

Папа Леў XIV і беларускія біскупы / catholic.by

Папа Рымскі Леў XIV атрымаў ад беларускіх біскупаў запрашэнне наведаць нашу краіну.

21 траўня адбылася першая агульная аўдыенцыя Папы Льва XIV, у якой прынялі ўдзел і беларускія біскупы. Як паведамляе catholic.by, ад нашай краіны прысутнічалі мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі і біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

У іх адбылася кароткая асабістая сустрэча з пантыфікам, падчас якой і было перададзенае запрашэнне наведаць Беларусь.

Арцыбіскуп Станеўскі расказаў Льву XIV, што "беларускі народ будуе сваю будучыню на моцным фундаменце хрысціянскіх і сямейных каштоўнасцяў і, перажываючы 80-годдзе заканчэння Другой сусветнай вайны, — на супакоі, згодзе і міры".

Папа Леў XIV выказаў надзею, што яго прыбыццё ў беларусь паспрыяе сустрэчы "ўсіх з усімі" і ўдзяліў пантыфікальнае бласлаўленне "для ўсіх людзей добрай волі, якія жывуць у Беларусі, якія, перажываючы Год добраўпарадкавання, будуюць дабрабыт сваёй краіны, каб гэта ім удавалася з Божай дапамогай і папскім бласлаўленнем".

Ніводзін з ранейшых Папаў не наведваў Беларусь. Яна лічыцца кананічна праваслаўнай тэрыторыяй, на візіт Папы Рымскага патрабуецца згода праваслаўных іерархаў (у нашым выпадку — Маскоўскага патрыярхату).

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.