Беларускі кардар за тры гады скраў 1,6 мільярда рублёў (відэа)
24-гадовы хлопец уваходзіў у транснацыянальную злачынную групу, якая крала грошы з банкаўскіх картак з дапамогай камп'ютараў.
Следчы камітэт завяршыў расследаванне крымінальнай справы на ўдзельніка транснацыянальнай групы "кардараў". Пад следства трапіў 24-гадовы грамадзянін Беларусі, які ўваходзіў у транснацыянальную злачынную групу, якая крала грошы з банкаўскіх картак з дапамогай камп'ютараў.
Паведамляецца, што пры дапамозе інтэрнэта хлопец атрымліваў інфармацыю аб рэквізітах банкаўскіх плацежных картак трэціх асоб. Потым на інтэрнэт-форумах ён прапаноўваў свае паслугі, каб набыць і даставіць тавары з крамаў ЗША, Нямеччыны, Расіі, Францыі, Вялікабрытаніі, Сербіі ды іншых краін са зніжкай ад 30 да 70%. Потым для куплі таго ці іншага тавару ён выкарыстоўваў атрыманыя ім загадзя рэквізіты чужых банкаўскіх картак. Пасля дастаўкі тавару атрымальнікі пералічвалі грошы на электронныя рахункі, падкантрольныя абвінавачанаму.
Следчыя выявілі, што за тры гады незаконны даход абвінавачанага склаў больш за 1 мільярд 600 мільёнаў рублёў. Супрацьпраўная дзейнасць з'яўлялася для яго адзінай крыніцай атрымання грошай.
Хлопца ўзялі пад варту. Яму выставілі абвінавачанні па трох артыкулах Крымінальнага кодэксу — крадзеж шляхам выкарыстання камп'ютарнай тэхнікі, здзейснены ў асабліва буйным памеры; несанкцыянаваны доступ да камп'ютарнай інфармацыі; неправамернае завалодванне камп'ютарнай інфармацыяй.