Беларусаў вызвалілі з працоўнага рабства ў Падмаскоўі
Беларус, выратаваны з рабства ў Падмаскоўі / t.me/bazabazon
У Падмаскоўі з працоўнага рабства вызвалілі грамадзян Беларусі, паведамляе тэлеграм-канал Baza.
Віктар увесну прыехаў на заробкі ў Расію. Дома ў мужчыны, прызнанага інвалідам, нікога і нічога не засталося. Ён трымаў сувязь з нейкай Наталляй, якая запрасіла яго ў кватэру ў падмаскоўнай Балашысе. Калі беларус туды прыехаў, у яго адразу ж забралі пашпарт. Акрамя яго ў кватэры былі яшчэ пяць-шэсць чалавек.
Пад прымусам Віктар стаў прафесійным жабраком: штодзень яго адвозілі ў розныя пункты і выдавалі таблічкі з жаласлівымі надпісамі. Мужчына згадвае: "Далі таблічку "памерла дачка, засталося двое ўнукаў", пасведчанне мёртвай жанчыны і дакументы на дзяцей: хлопчыку 11 гадоў, дзяўчынцы 14. Я ніколі не бачыў гэтых дзяцей".
Змена Віктара, як ён кажа, доўжылася да позняга вечара, а штодзённы даход кожнага "жабрака" складаў каля 5000-10 000 расійскіх рублёў. Раз на некалькі гадзін прыязджалі наглядчыкі і забіралі грошы. Калі мінакі давалі жабракам прадукты, іх трэба было прыносіць у "абшчак". Есці падчас працы было нельга — за гэта пагражалі моцна збіць.
Выратавала беларуса прахожая жанчына, якая звярнулася да валанцёраў руху супраць рабства "Альтэрнатыва!. Яны прыйшлі ў кватэру Наталлі разам з паліцыяй. Жанчына назвала сябе "бежанкай з Украіны", казала пра сваю невінаватасць і доўга не хацела аддаваць пашпарты.
Паведамляецца, што расійская паліцыя прыняла заяву Віктара, але справу аб выкарыстанні рабскай працы пакуль яшчэ не пачалі.