Беларусаў аб'яднала Украіна: як мы глядзелі футбол у фан-зоне "Дынама"
Ніводны газон не пацярпеў
У суботу ўвечары беларусы, незалежна ад палітычнай пазіцыі, сабраліся на "Дынама" пад адным сцягам. Пад украінскім.
— А давайце мы сёння не будзем даваць каментары, а проста паглядзім футбол, — папрасілі Еўрарадыё некалькі суразмоўцаў на фан-зоне стадыёна.
Але нам нашмат больш, чым "проста паглядзець футбол", хацелася "проста пагаварыць". Таму ў гэтым рэпартажы мы паабяцалі змяніць імёны ўсім суразмоўцам. Яны сталі гаваркімі, і мы абмеркавалі і футбол, і каляфутбольныя жарсці.
"Хочацца нечым аддзячыць"
Вынік матчу Украіна — Англія дакладна прадказваў нават кабан Элвіс з Брыстальскага заапарка. Гульня скончылася з лікам 0:4, і не на карысць Украіны. Але заўзець за ўкраінскіх футбалістаў гэта нікому не перашкаджала. На ўваходзе на стадыён выстраілася такая чарга, што ўжо праз пяць хвілінаў хацелася папрасіць людзей сертыфікаты пра вакцынацыю.
Першае ж расчараванне: гледачоў больш не пускаюць на газон стадыёна "Дынама". Цяпер ён з усіх бакоў абцягнуты чырвонымі стужкамі. Сядзець на бегавой дарожцы не так прыемна і зручна, як на зялёнай траўцы.
Знайсці тых, хто заўзеў у той вечар за Украіну, было не цяжка: яны скакалі са сцягамі, яны крычалі "Украіна!", Яны намалявалі "жовта-блакітныя" палоскі на шчоках.
— Гэта якасны футбол, добрая праца трэнера і згуртаванасць фанатаў, — распавядаюць Еўрарадыё трое заўзятараў у чарзе па шаурму. — Беларусы цяпер адчуваюць падтрымку Украіны, і гэта прыемна, бярэ за душу. Хочацца нечым аддзячыць. І хоць мы не можам зрабіць гэтага ад імя ўсёй краіны, але можам хаця б падтрымаць Украіну ў футболе.
У Андрэя акрамя ўкраінскага сцяга яшчэ і татуіроўка з трызубам на руцэ. Пытацца, каго ён падтрымлівае, не мае сэнсу. Варта спытаць, чаму цэлы стадыён сёння заўзее за тую ж каманду, што і ён.
— Са сцягамі Украіны сёння прыйшлі вельмі розныя людзі. Ёсць маладыя хлопцы, якія апалітычныя, якія проста прыйшлі паглядзець футбол. А ёсць і тыя, хто тут не праз футбол. Для іх гэта гісторыя пра палітыку, яны зразумелі, што да чаго.
Братні народ
Пракрычаць "Украіна" натоўпам у некалькі сотняў чалавек у цэнтры Мінска — дзе штраф ці суткі можна атрымаць за абсалютную дробязь, накшталт чырвоных штаноў і белага паліто, — гэта своеасаблівая тэрапія крыкам. Ды і чарга на ўваходзе нагадвае пра мінулае лета. У такіх жа беларусы стаялі, каб пакінуць подпіс за вылучэнне кандыдатаў у прэзідэнты.
Але можна абыйсціся і без гэтых асацыяцыя, таму што часам футбол — гэта проста футбол. Як для Аляксандра і Кацярыны. Украіна — Англія — гэта першы матч, які яны глядзяць на фан-зоне. І палітыка тут ні пры чым.
— Нам вельмі хацелася адчуць атмасферу фан-зоны. Чаму за Украіну? Гэта наш братні народ, рускамоўныя славяне. У нас шмат агульных вех у гісторыі. Іншых славян на Еўра не засталося, — кажа Аляксандр.
З імі на пледзе сядзіць маленькая Ілона. Праўда, дзяўчынка глядзіць не на вялікі экран, а на маленькі, у тэлефоне. Бацькі абяцалі Ілоне, што на стадыёне будуць забаўкі для дзяцей, але "Мортал Камбат" яе не зацікавіў.
— Наступныя матчы будзеце глядзець?
— Калі Украіна сёння выйграе. Мы вельмі эмацыйна рэагуем: учора так заўзелі за Швейцарыю, што другі матч ўжо не змаглі паглядзець, так расхваляваліся.
Украіна "не прайшла". Але, можа, мы яшчэ прыдумаем, за што пазаўзець разам?