Беларусам стане цяжэй атрымаць амерыканскія візы

ЗША змянілі парадак выдачы візаў, ілюстрацыйнае фота

ЗША змянілі парадак выдачы візаў, ілюстрацыйнае фота

ЗША змянілі парадак выдачы неіміграцыйных віз і зрабілі яго больш жорсткім. Змены закрануць і нашых суайчыннікаў.

Паводле новых правілаў, грамадзяне Беларусі змогуць падаваць дакументы на амерыканскія турыстычныя візы B1 / B2 толькі ў Варшаве і Вільні. Дагэтуль прайсці сумоўе і падаць на візу такога тыпу можна было ў прадстаўніцтве ЗША ў любой краіне. Пры гэтым, як паведамляецца, запісы на ўжо запланаваныя сумоўі застаюцца ў сіле.

Пад новыя правілы не трапяць візы тыпаў A, G, C-2, C-3, візы НАТА, а таксама дыпламатычныя і службовыя візы любога тыпу або візы, звязаныя з паездкамі, якія трапляюць пад пагадненне аб штаб-кватэры ААН. У рэдкіх выпадках, заяўляюць у Дзярждэпартаменце, могуць быць зробленыя выключэнні па гуманітарных прычынах, а таксама пытаннях медыцыны або знешняй палітыкі.

Дзярждэп папярэджвае, што пры запісе ў прадстаўніцтве ЗША ў краіне, якая не супадае з месцам грамадзянства ці пастаяннага жыхарства, чалавеку давядзецца чакаць значна даўжэй.

Амбасада ЗША прыпыніла паўнавартасную працу ў Беларусі пасля пачатку поўнамаштабнага расійскага нападу на Украіну. У Мінску амерыканскія візы не выдаюцца з 2022 года. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.