Беларуса судзяць за забойства брытанскага прадзюсара, учыненае 26 гадоў таму

Суд за забойства Крыстафера Рыса

Суд за забойства Крыстафера Рыса / Sputnik Беларусь

19 лютага ў Мінскім гарадскім судзе пачаўся разгляд крымінальнай справы аб забойстве грамадзяніна Вялікабрытаніі ў 1999 годзе. Абвінавачаным па справе праходзіць грамадзянін Беларусі, які цяпер адбывае пакаранне за забойства сужыцелькі.

Цела брытанскага прадзюсара Крыстафера Рыса знайшлі ў адной з кватэр у доме на Цвярской ў Маскве. Найбольш верагоднай версіяй следчыя лічылі забойства на бытавой глебе, піша "Sputnik Беларусь".

У сераду на судзе зачыталі паказанні сведкі, які адбываў тэрмін разам з абвінавачаным. Той заявіў, быццам сукамернік быў занепакоены тым, што міліцыя даведалася пра забойства ў Маскве, учыненае ў 1999 годзе. Таксама сведка расказаў падрабязнасці забойства, якія даведаўся ад сукамерніка. Беларус пазнаёміўся з брытанцам у бары і паехаў да яго на кватэру. Калі замежнік пачаў заляцацца да дзяўчыны, абвінавачаны збіў яго "ружачкай" (разбітай бутэлькай) ды іншымі прадметамі. Са словаў сведкі, мужчына казаў, нібыта "разабраў мужчыну на кавалкі, было проста месіва, выкалаў вочы /.../, параніў сабе палец".

Паведамляецца, што падсудны прызнаў віну часткова.

Сённяшняе пасяджэнне было адкрытым. Але падчас абвяшчэння падрабязнасцяў, якія маюць інтымны характар, паседжанне пройдзе ў закрытым рэжыме.

Крыстаферу Рысу на момант смерці было 37 гадоў. У Маскве ён працаваў на тэлеканале СТС, прадзюсаваў некалькі праграм, у тым ліку "Кіна-кафэ". Цела брытанца знайшлі праз два дні пасля забойства, калі на працы ўстурбаваліся, што яго няма.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.