Беларусь запрасілі на цырымонію ў Нагасакі. Гэта напамін пра ядзерную вайну

Парк міру ў Нагасакі

Парк міру ў Нагасакі / unsplash

Мэр Нагасакі заклікаў пакласці канец войнам у 80-ю гадавіну ядзернай атакі ЗША, якая знішчыла японскі горад, піша ВВС.

"Канфлікты ва ўсім свеце абвастраюцца, ствараючы замкнёнае кола супрацьстаяння і раздробленасці, — заявіў Шыра Судзукі на ўрачыстай цырымоніі. — Калі мы працягнем ісьці гэтым шляхам, мы ўвергнем сябе ў ядзерную вайну".

Выжылы пасля бамбаваньня горада Хірошы Нісіока знаходзіўся ў трох кіламетрах ад месца выбуху. Сёння ён прысутнічаў на цырымоніі і расказаў пра жах, сведкам якога стаў.

"Нават у шчасліўчыкаў [якія не атрымалі сур’ёзных траўмаў] паступова пачыналіся крывацёкі з дзёсен, выпадалі валасы, і адзін за адным яны паміралі, — цытуе яго агенцтва AFP. — Хаця вайна скончылася, атамная бомба прынесла нябачны жах".

У выніку нападу 9 жніўня 1945 года загінула каля 74 тысяч чалавек. У наступныя гады многія выжылыя цярпелі ад лейкеміі і іншых цяжкіх пабочных эфектаў радыяцыі.

У мінулым годзе кіраўніцтва Нагасакі адмовілася запрасіць Ізраіль на штогадовыя ўрачыстасці, спасылаючыся на меркаванні бяспекі. Расію і Беларусь не запрашалі з 2022 года пасля нападу на Ўкраіну. Сёлета запрасілі ўсіх, у тым ліку Ізраіль, Расію і Беларусь.

"Мы хацелі б, каб усе краіны сабраліся на цырымоніі ў Нагасакі, дзе была скінутая атамная бомба, нягледзячы на ўсе рознагалоссі", — сказаў мэр горада.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.