Беларус, якога сваталі ў “Легію”, нечакана стаў трэнерам “Пары НН”

Аляксей Шпілеўскі / Sport FM
Беларускі трэнер Аляксей Шпілеўскі ўзначаліў расійскі клуб “Пары НН”. Кантракт разлічаны на тры года. Па выніках мінулага сезона каманда вылецела з Прэм’ер-лігі, але дзякуючы таму, што “Хімкі” не прайшлі ліцэнзаванне, “Пары НН” заняў іх месца ў вышэйшай лізе расійскага футбола.
Варта адзначыць, што папярэднім трэнерам таксама быў беларус — Віктар Ганчарэнка, які не здолеў выратаваць каманду ад вылету і быў звольнены кіраўніцтвам.
Шпілеўскі быў за крок ад пасады галоўнага трэнера варшаўскай “Легіі”, але бакі не здолелі дамовіцца. Таксама яго звязвалі з іншымі клубамі польскага Экстракласа.
Раней ён заяўляў, што не бачыць сябе ў Расіі і разглядае толькі заходні кірунак для свайго развіцця.
Шпілеўскі паспяхова праявіў сябе ў кіпрскім “Арысе”, дзе прывёў каманду да чэмпіёнства і Кубка краіны, зрабіўшы гучны выступ у Лізе Еўропы.
Нагадаем, што расійскія клубы знаходзяцца пад банам УЕФА і ім забаронена выступаць у еўрапейскіх турнірах.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.