Марадона ў 2018 адмовіўся ад сустрэчы з прэм’ер-міністрам Сяргеем Румасам

Дыега Марадона праігнараваў сустрэчу з прэм’ер-міністрам Беларусі і главой АБФФ / "Динамо-Брест"
Былы перакладчык брэсцкага “Дынама” часоў Аляксандра Зайцава і Дыега Марадоны падзяліўся ўспамінамі пра візіт сусветнай футбольнай зоркі ў Брэст у 2018 годзе.
Дыега Марадона не адрозніваўся асаблівай пунктуальнасцю. Яго часта чакалі, часам па некалькі гадзін. Але Марадона дазволіў сабе не сустрэцца з тагачасным прэм’ер-міністрам Беларусі і кіраўніком АБФФ Сяргеем Румасам.
— <...> У любым выпадку былі людзі значна сур’ёзнейшыя, хто яго чакаў. Напрыклад, прэм’ер-міністр Сяргей Румас, які на той момант яшчэ ўзначальваў БФФ. Мы прыехалі ў Мінск, на наступны дзень павінны былі вылятаць. Званіў Зайцаў, сказаў, што [Румас] хоча сустрэцца, арганізуйце.
Мы пачалі яго ўгаворваць — ён ні ў якую: “Дыега, гэта па дарозе, гэта БФФ. Пяць хвілін – паціснеш рукі, атрымаеш падарункі і паедзем у аэрапорт”. Ні ў якую чалавек не пагаджаўся.
— У выніку вы не даехалі да прэм’ер-міністра?
— На жаль, не, — распавёў былы перакладчык брэсцкага “Дынама” Уладзімір Мачульскі.
Раней тагачасны трэнер «Дынама» Аляксей Шпілэўскі ўспамінаў, як каманда чакала Марадону шэсць гадзін і колькі гадзіннікаў Rolex зорка футбола насіла на абедзвюх руках.
Лёсы герояў гісторыі
Дыега Марадона памёр у 2020 годзе з-за прыпынку сэрца. У яго былі праблемы з наркотыкамі і алкаголем.
Сяргея Румаса знялі з пасады прэм’ер-міністра Беларусі ў 2020 годзе. Пасля гэтага ён знік з публічнай прасторы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.