Беларусь спрабавала ўвезці ў Расію 14 тон галоваў нарвежскай сёмгі

У Смаленскай вобласці ўпраўленне Рассельгаснагляду прадухіліла ўвоз з Беларусі буйной партыі галоваў нарвежскай сёмгі. Як паведамляе interfax.by, з тэрыторыі нашай краіны ў Расію везлі больш за 14 тон рыбных галоваў. Сыравіна была атрыманая пасля перапрацоўкі нарвежскай сёмгі, што пацвярджалася тарнай упакоўкай.

Паводле суправаджальных дакументаў, груз ішоў у Маскоўскую вобласць. Фірма-атрымальнік была зарэгістраваная ў рэестры прадпрыемстваў Мытнага саюза як прадпрыемства, якое спецыялізуецца на вытворчасці, захоўванні і рэалізацыі рыбнай і марской прадукцыі.

Цяпекр Рассельгаснагляд спыніў груз, праводзяцца даследаванні бяспекі прадукцыі.

Нагадаем, што з 7 жніўня Расія ўвяла эмбарга на пастаўку харчавання з шэрагу еўрапейскіх краінаў, ЗША, Канады, Аўстраліі. Нарвегія трапіла ў гэта "чорны спіс".  

Ілюстрацыйнае фота — дорус.ру