Беларусь наведаюць прадстаўнікі камітэта ЕС па палітыцы і бяспецы

Беларусь наведаюць прадстаўнікі камітэта ЕС па палітыцы і бяспецы. 21 лістапада ў Мінску будуць абмеркаваныя стан і перспектывы дачыненняў паміж нашай краінай і Еўрасаюзам. Дэлегацыю ўзначаліць старшыня камітэта, пасол Вальтэр Стывенс, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на Прадстаўніцтва ЕС у Беларусі. Адбудуцца сустрэчы з прадстаўнікамі ўладаў, апазіцыі і грамадзянскай супольнасці.
Адзначаецца, што камітэт па палітыцы і бяспецы, гэтая пастаянная структура Савета ЕС, складаецца з паслоў краін Еўрасаюза, якія працуюць у Бруселі. Ён сочыць за развіццём міжнароднай сітуацыі ў сферах, на якія распаўсюджваецца агульная знешняя палітыка і палітыка бяспекі ЕС, ды інфармуе Саўмін Еўрасаюза. У прадстаўніцтве адзначылі, што камітэт адыгрывае важную ролю ў палітычным дыялогу ЕС.
Як інфармавала Еўрарадыё, 16-17 лістапада ў Мінску знаходзілася дэлегацыя Еўрасаюза. Яна ўдзельнічала ў другім пасяджэнні Каардынацыйнай групы Беларусь-ЕС.