Беларус летась купіў у Літве амаль 20 тысяч аўтамабіляў

Аўтамабілі, ілюстрацйнае фота

Аўтамабілі, ілюстрацйнае фота / pixabay.com

Грамадзянін Беларусі за 2024 год набыў у Літве амаль 20 000 аўтамабіляў класа M1. Такія звесткі мае Regitra — літоўская дзяржарганізацыя, якая ў тым ліку займаецца рэгістрацыяй транспартных сродкаў. Такі аб'ём закупак азначае, што беларус мусіў набываць не менш як два аўтамабілі кожную гадзіну, працуючы кругласутачна, канстатуе LRT са спасылкай на асацыяцыю вытворцаў і імпарцёраў Літвы.

Эксперты мяркуюць, што гаворка ідзе пра нераскрытую схему махлярства. Аўтамабілі дэкларуюцца як прададзеныя замежніку, а насамрэч, хутчэй за ўсё, пасля аплаты прадаўцам гатоўкай старыя аўтамабілі застаюцца ў Літве і нелегальна разбіраюцца.

Паводле звестак Regitra, летась у Літве з розных прычын было знята з уліку больш за 200 000 аўтамабіляў класаў M1, N1. Каля 60 000 з іх перададуць замежным юрыдычным або фізічным асобам па розных прычынах. У 2023 годзе такіх аўтамабіляў было каля 50 тысяч, у 2022 годзе — каля 36 тысяч.

Эксперты мяркуюць, што гэтае павелічэнне звязанае з махлярствам, якое стала магчымым дзякуючы шчылінам у літоўскім заканадаўстве. Пры продажы аўтамабіля замежніку дэклараваць змену ўладальніка павінен толькі жыхар Літвы.

Так, летась беларус набыў 18 000 аўтамабіляў, рынкавы кошт якіх — у дыяпазоне ад 50 да 2000 еўра. Кошт залежыць ад захаванасці дэталяў, прыдатных для паўторнага выкарыстання. Нелегальныя разборшчыкі аўтамабіляў на ценявым рынку могць атрымаць з гэтых аўто даход не менш за 1 млн еўра. А ў рэальнасці прыбыткі могуць дасягаць 4,5 млн еўра і больш.

Паводле звестак Regitra, апошнія гады аўтамабілі ў Літве часцей за ўсё куплялі грамадзяне Украіны, Беларусі і Таджыкістана.

"Мы задаемся пытаннем, куды насамрэч трапляюць дзясяткі тысяч аўтамабіляў, прададзеных замежнікам, ці вядома пра такія магчымыя ценявыя схемы бізнесу і ці шукаюцца спосабы іх прадухілення. Пакуль што дзяржава губляе падаткі, легальныя перапрацоўшчыкі адкідаў не могуць забяспечыць утылізацыю аўтамабіляў, і, што горш за ўсё, небяспечныя адкіды забруджваюць навакольнае асяроддзе", — кажа кіраўнік асацыяцыі перапрацоўшчыкаў непрыдатных для эксплуатацыі аўтамабіляў Літвы Уладзімір Янкойт.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.