Літва падала на Беларусь заяву ў Міжнародны суд ААН

Мігранты на беларуска-літоўскай мяжы, ілюстрацыйнае фота / vsat.lrv.lt
19 траўня Літва накіравала заяву супраць рэжыму Лукашэнкі ў Міжнародны суд ААН у Гаазе за арганізацыю міграцыйнага крызісу на мяжы.
Літоўскі бок вінаваціць афіцыйны Мінск у парушэнні абавязанняў у рамках пратакола супраць незаконнага ўвозу мігрантаў па сушы, моры і паветры ад 15 лістапада 2000 года. Гэты дакумент дапаўняе Канвенцыю ААН супраць транснацыянальнай арганізаванай злачыннасці.
"З 2021 года Літва сутыкаецца з беспрэцэдэнтным ростам патоку нелегальных мігрантаў з Беларусі. Доказы, сабраныя літоўскімі ведамствамі, пацвярджаюць прамое дачыненне беларускага рэжыму да арганізацыі патокаў мігрантаў", — заяўляюць у МЗС Літвы.
Літоўскі бок падкрэслівае, што беларускія сілавікі суправаджалі мігрантаў да мяжы і прымушалі перасякаць яе нелегальна — часта ў небяспечных умовах і з пагрозай для жыцця.
Для параўнання: у 2019 і 2020 гадах колькасць спробаў нелегальнага перасячэння мяжы беларуска-літоўска складала 37 і 74 выпадкі адпаведна. З 2021-га з Беларусі праз мяжу спрабавалі нелегальна трапіць больш за 23 тысячы чалавек.
Заяву Літвы ў суд супраць афіцыйнага Мінска падтрымаў кіраўнік НАУ Павел Латушка: "Мы заклікаем міжнародных партнёраў да барацьбы з незаконнай практыкай выкарыстання ўразлівых груп насельніцтва ў палітычных мэтах, а таксама да падтрымкі намаганняў Літвы, накіраваных на прыцягненне да адказнасці Рэспублікі Беларусь і ўмацаванне міжнароднай прававой сістэмы".
Ён адзначыў, што гэтым выпадку гаворка ідзе пра адказнасць Беларусі як дзяржавы, а не пра адказнасць толькі рэжыму Лукашэнкі. Паводле Латушкі, цяпер рэжым дасягнуў такой стадыі кіравання, "калі фактычна кожны грамадзянін Беларусі ў той ці іншай ступені адчувае наступствы парушэння міжнародных абавязацельстваў, якія Лукашэнка здзяйсняе ад імя нашай краіны". Палітык заявіў, што на сёння ўжыванне механізмаў міжнароднай адказнасці з'яўляецца адзіным мірным сродкам забяспечыць выканання міжнародных абавязацельстваў з боку рэжыму Лукашэнкі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.