Банкаўскі працэсінгавы цэнтр выправіў збой з карткамі

Банкаўская картка

Банкаўская картка / pixabay.com

Уначы 10 ліпеня Банкаўскі працэсінгавы цэнтр паведаміў пра выпраўленне тэхнічнага збою, які адбыўся зранку ў сераду.

"Усе балансы па картках па картках ААТ "ААБ Беларусбанк", ААТ "Белаграпрамбанк" і ААТ "Белінвестбанк" прыведзеныя ў актуальны стан. Аперацыі з выкарыстаннем картак ажыццяўляюцца ў штатным рэжыме", — гаворыцца ў паведамленні цэнтра.

Аднак у каментарах многія карыстальнікі скардзяцца, што ім грошы на карткі не вярнулі, ці вярнулі не цалкам. Афіцыйнага тлумачэння, з чым звязаны гэты збой, пакуль няма.

Як паведамлялася раней, аб праблемах з банкаўскімі карткамі беларусы сталі паведамляць у першай палове дня 9 ліпеня. У людзей спісваліся ўсе грошы з картак, а часам узнікаў і "мінус". Трымальнікі картак не маглі расплаціцца імі нідзе.

У Банкаўскім працэсінгавым цэнтры заявілі пра тэхнічны збой і абяцалі ўсё выправіць да 14-й гадзіны. Потым тэрміны двойчы пераносілі — да 17:00 і да 22:00.

Банкаўскі працэсінгавы цэнтр выправіў збой з карткамі
Абмеркаванне ў чаце Банкаўскага працэсінгавага цэнтра

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.