Баку абвінаваціў сілавікоў РФ у катаваннях і змове для забойства азербайджанцаў

Генпракуратура Азербайджана / APA Group
У Азербайджане пачалі крымінальную справу аб змове, наўмысным забойстве з асаблівай жорсткасцю і катаваннях грамадзян краіны падчас рэйду сілавікоў у расійскім Екацярынбургу.
Генпракуратура краіны вінаваціць у злачынствах ФСБ, Расгвардыю і МУС Расіі. Азербайджанскі бок апублікаваў вынікі судмедэкспертызы загінулых азербайджанцаў. У ёй гаворыцца, што смерць наступіла ад множных траўмаў ад удараў, перадае Jam-news.
27 чэрвеня расійскія сілавікі ў Екацярынбургу зладзілі аблаву на грамадзян Азербайджана і грамадзян азербайджанскай нацыянальнасці. "Грамадзяне Азербайджана і іншыя асобы азербайджанскай нацыянальнасці, якія былі практычна бездапаможныя і не маглі абараніць сябе ад удараў, падвяргаліся катаванням і цяжкім цялесным пашкоджанням шляхам нанясення ім множных удараў цвёрдымі тупымі прадметамі па розных частках цела як у працэсе затрымання, так і ў транспартных сродках, у якіх яны перавозіліся, і ў адміністрацыйных будынках", — заяўляюць у генпракуратуры Азербайджана.
У Баку адзначаюць, што грамадзянін Азербайджана прадпрымальнік Гусейн Сафараў быў наўмысна забіты ў будынку паліцыі Екацярынбурга. Яго брат Зіядзін Сафараў, які працаваў таксоўцам, быў забіты ў той жа дзень у службовым аўтамабілі расійскіх сілавікоў.
Тым часам у заключэнні расійскіх дактароў была канстатаваная смерць ад сардэчнай недастатковасці.
У Генпракуратуры Азербайджана сцвярджаюць, што ёсць і іншыя іх суайчыннікі, "якім былі прычыненыя цялесныя пашкоджанні рознай ступені цяжкасці ў выніку тых жа катаванняў, прымененых да шматлікіх іншых асоб, затрыманым упаўнаважанымі аператыўна-вышуковымі органамі Расійскай Федэрацыі".
У панядзелак азербайджанскія сілавікі прыйшлі ў расійскае СМІ "Sputnik Азербайджан", дзе правялі ператрус і арыштавалі кіраўніцтва, абвінаваціўшы ў агентурнай працы на расійскае ФСБ.
Праблемы ў двухбаковых адносінах РФ і Азербайджана пачаліся пасля крушэння ў Казахстане ў снежні пасажырскага самалёта "Азербайджанскіх авіяліній", на борце якога загінулі 38 чалавек. Самалёт ляцеў з Баку ў Грозны, але быў вымушаны змяніць маршрут. Асноўнай версіяй катастрофы называюць пашкоджанне фюзеляжа зенітнай ракетай над Грозным.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.