Бацька ельскай школьніцы, якая памерла ў бальніцы, падаў заяву ў міліцыю

Памерлая ў Ельску дзяўчынка

Памерлая ў Ельску дзяўчынка / фота з сацсетак

Бацька непаўналетняй школьніцы, якая памерла ў ельскай бальніцы, падаў заяву ў міліцыю. Пра гэта ён напісаў у сацсетках, заўважыла выданне "Флагшток".

Паведамляецца, што мужчына ў заяве апісаў сітуацыю. Дакумент павінен быць перададзены ў Следчы камітэт.

Дарэчы, Следчы камітэт і Мінздароўя працягваюць праверкі і экспертызы па факце смерці 14-гадовай школьніцы. Паводле бацькі дзяўчынкі, праверка будзе праводзіцца цягам двух месяцаў.

Як паведамлялася раней, школьніца раптоўна памерла 17 траўня. У той дзень дзяўчынку шпіталізавалі, а праз некалькі гадзін бацькам паведамілі, што яна знаходзіцца ў коме ў рэанімацыі. Да канца сутак школьніца памерла.

Пасля гэтага сацслужбы сталі ціснуць на братоў і сясцёр памерлай дзяўчынкі (у іх шматдзетная сям'я). Таксама пачаліся спробы ачарніць памяць памерлай дзяўчынкі: яе пачалі абвінавачваць у курэнні і кепскіх паводзінах.

Яе бацька пракаментаваў спробы прызнаць іх сям'ю ў сацыяльна небяспечным становішчы (СНС): "Ніколі не лічыў сваю сям'ю сацыяльна небяспечнай. Мы не алкаголікі, усе дзецьі здаровыя, накормленыя, апранутыя".

Ён падзякаваў усім за падтрымку і сказаў, што будзе чакаць афіцыйных вынікаў праверак і "дамагацца, каб стала вядомая праўда".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.