Бабруйскаму хулігану-агрэсару пагражае пажыццёвае зняволенне
Ён напаў з нажом на мінака, бо той не захацеў аддаваць яму мабільны тэлефон.
Пракуратура Магілёўскай вобласці накіравала ў суд крымінальную справу 41-гадовага бабруйчаніна, якога абвінавачваюць у замаху на забойства з хуліганскіх матываў. Паводле звестак пракуратуры, падставай для адкрыцця крымінальнай справы стаў інцыдэнт у Бабруйску, які здарыўся сёлета ў студзені.
Нецвярозы мужчына, які раней меў неаднаразовыя судзімасці, напаў на вуліцы на мінака. Хуліган патрабаваў аддаць яму мабільны і пры гэтым нецэнзурна лаяўся. Калі ж мінак адмовіўся, мужчына дастаў нож і восем разоў ударыў яго у розныя часткі цела.
Пацярпелы застаўся жывы, бо своечасова трапіў у лякарню. А хулігану-агрэсару пагражае ад 8 да 25 гадоў пазбаўлення волі або нават пажыццёвае зняволенне, перадае БелаПАН.
Фота: 112.ua