Азіяцкія фондавыя рынкі з-за пошлін ЗША перажылі найгоршае падзенне з 2008-га
Трамп не збіраецца адступаць ад сваёй палітыкі / pixabay.com
Азіяцкія фондавыя рынкі з-за пошлін ЗША перажылі найгоршае падзенне з 2008-га. Большасць іх гандлююцца на мінімумах, паведамляе Bloomberg.
Фондавы індэкс MSCI Asia Pacific Index, у які ўваходзяць кампаніі з высокай і сярэдняй капіталізацыяй у 13 краінах Азіяцка-Ціхаакіянскага рэгіёну, падчас таргоў 7 красавіка ўпаў больш чым на 7%.
Ключавы індыкатар кітайскіх акцый на біржы ў Ганконгу ўпаў больш чым на 10%. Тайваньскі фондавы індэкс, арыентаваны на тэхналагічны сектар, упаў на рэкордныя 9,8%. У Японіі і Паўднёвай Карэі ключавыя індэксы знізіліся больш чым на 4%. Ключавы фондавы індэкс Індыі ўпаў на 5,1% (максімальны паказчык з чэрвеня 2024 года).
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп аб'явіў усяму свету гандлёвую вайну 2 красавіка. Ён увёў павальныя тарыфы на імпарт тавараў у ЗША. Гандлёвая вайна Трампа ўдарыла па амерыканскім фондавым рынку. Аднак ён заявіў, што не збіраецца адступаць ад сваёй палітыкі ўвядзення маштабных пошлін на імпарт, нягледзячы на значнае падзенне фондавага рынку.