Як тарыфы Трампа ўдараць па вашых улюбёных брэндах

Nike Jordan / unsplash
Пошліны Дональда Трампа зробяць вытворчасць многіх тавараў вашых любімых брэндаў мас-маркета прыкметна даражэйшай. BBC тлумачыць складаную эканоміку на простым прыкладзе легендарных красовак Nike Jordan. Рашэнні амерыканскага прэзідэнта адаб'юцца на іх кошце, бо закрануць ланцужок вытворчасці. Як?
Адна з прычын пошлінай палітыкі Трампа — яго жаданне, каб як мага больш кампаній перанеслі вытворчасць сваіх тавараў у ЗША. Nike Air Jordan 1 — гэта культавыя амерыканскія красоўкі, якія былі створаныя для амерыканскага баскетбаліста Майкла Джордана. ЗША — асноўны рынак для Nike, але амаль усе красоўкі кампаніі вырабляюцца ў краінах Азіі. Гэта значыць, у рэгіёне, які пацярпеў ад пошлін, уведзеных Трампам. Тавары з В'етнама, Інданэзіі і Кітая абкладаюцца аднымі з самых высокіх імпартных пошлін — ад 32% да 54%.
Як гэта паўплывае на кошт красовак? Усё залежыць ад таго, якую частку незапланаваных выдаткаў кампанія вырашыць перакласці на спажыўцоў. А яшчэ ад таго, як доўга будуць дзейнічаць пошліны.
Эксперты BBC падлічылі, што зараз кошт вытворчасці пары Nike складае 27-42 долараў. А пасля ўвядзення 46-адсоткавай пошліны ён вырасце да 38-58 долараў. Гэта цалкам можа паўплываць і на рознічную цану.
Ёсць яшчэ надзея, што Трамп захоча дамовіцца аб зніжэнні пошлін. У пятніцу ён сказаў, што правёў "вельмі прадуктыўную" тэлефонную размову з лідарам В'етнама. Пасля гэтага акцыі Nike крыху аднавіліся. Тым не менш, /многія аналітыкі лічаць, што цэны на красоўкі ўсё ж вырастуць. Але паколькі галіна канкурэнтная, занадта моцна падвышаць цэны кампанія не зможа. Старшы аналітык па акцыях Morningstar Дэвід Шварц не лічыць, што рост можа перавысіць 10-15%.
Іншыя брэнды — напрыклад, H&M, Adidas, Gap — сутыкнуцца з такой жа праблемай.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.